Небяспека прастуды і грыпу: што зрабіць, каб не захварэць?


З надыходам восеньскіх халадоў расце небяспека падхапіць прастуду ці грып. А таму пачынаецца ажыятаж на разнастайныя вітаміны, таблеткі, кроплі і спрэі. Як жа не нашкодзіць свайму здароўю і засцерагчыся перад хваробаю?

Вядома, што лепш папярэдзіць хваробу, чым яе лекаваць. Але ж да прафілактыкі, як і да самалекавання, трэба падыходзіць з розумам, засцерагаюць лекары. Часам лекі або іншыя сродкі змагання з прастудай могуць і нашкодзіць.

«Імунітэт – гэта вельмі складаная сістэма, таму без парадаў імунолага і без правядзення імунаграмы ўмешвацца ў яго не варта. Бо гэта будзе або змарнаваны час, або змарнаваныя грошы», – распавядае доктар Уладзімір Пруднікаў.

Міністэрства аховы здароўя трымае на кантролі сітуацыю з вострымі рэспіратарнымі інфекцыямі. Ды звяртае ўвагу, што шмат што тут залежыць ад стаўлення кожнага чалавека да ўласнага здароўя і здароўя свайго атачэння. Лекары настойваюць на абавязковым назіранні ў паліклініцы, прышчэпках і тым, каб не запускаць у тым ліку і прастуду.

Як жыхары Менску засцерагаюцца ад вірусаў?

«Часнык, цыбуля. Больш нічога не трэба. Весці правільны здаровы лад жыцця».

«Адзін з рэцэптаў – можа, нават не прышчэпкі, а любоў да сябе».

«Добра надзець маску, каб схавацца. Аксалінавай маззю карыстаюся, падвышаю імунітэт: п’ю вітаміны, больш гуляю на свежым паветры пад сонейкам».

«Шмат часныку трэба есці».

Шмат хто мае сямейныя рэцэпты абароны ад вірусаў з дапамогаю цыбулі, часныку ды імбіру. Як гэтыя народныя метады ацэньваюць лекары?

«Камусьці дапамагла гарбата з ліпы, камусьці дапамагла гарбата з цытрынай, гарбата з імберцам. Яны могуць некаму дапамагчы, могуць некаму не дапамагчы, але дакладна яны не зашкодзяць. То ў якасці прафілактычных сродкаў можна іх ужываць», – тлумачыць доктар Уладзімір Пруднікаў.

Найперш у групу рызыкі захварэць на грып трапляюць дзеці да 3 гадоў, пажылыя людзі, людзі з хранічнымі захворваннямі, а таксама працаўнікі грамадскіх установаў, асабліва медыкі. Адмыслоўцы звяртаюць увагу, што прышчэпкі ад грыпу найлепш рабіць у кастрычніку, бо імунітэт пасля фармуецца ад аднаго да трох тыдняў. Але і прышчэпка не дае стоадсоткавай гарантыі.

Варта выконваць правілы гігіены рук, пазбягаць шматлюдных месцаў, а таксама памятаць пра «рэспіратарны этыкет»: прыкрываць рот і нос хустачкаю пры кашлі, не кранаць носа, рота і вачэй рукамі. Будзьце здаровыя!

Марыя Арцыбашава belsat.eu