Небяспечны выгул сабак у магілёўскай Казіміраўцы. Адміністрацыя каментаваць адмовілася


Уладальнікі сабак плоцяць за сваіх гадаванцаў падаткі, але інфраструктуры для іх выгулу не маюць. Адміністрацыі раёнаў толькі вызначаюць месцы для выгулу, ствараць жа там агароджы ды сметніцы – не спяшаюцца. Людзі гатовыя ўкладаць свае сродкі ва ўладкаванне месцаў для выгулу, але за ініцыятыву могуць пакараць.

Сабакі ёсць, а месца для іх – няма. Жыхары магілёўскага мікрараёну Казіміраўка пакутуюць, што нават на выдзеленым афіцыйна месцы не могуць спакойна выгульваць сваіх гадаванцаў.

«У летні перыяд вырасла вялікая трава, сабак амаль не відаць. Яе ніхто нам не косіць, хоць мы неаднаразова звярталіся ў ЖЭУ», – распавядае Вольга Рухлінская.

Месца для выгулу нясе сабакам ды іх гаспадарам пэўную небяспеку: у няскошанай траве сустракаюцца кляшчы і не толькі.

«Праз гэтыя самыя вялікія кусты ў нас неаднаразова, ну, 2 разы дакладна, быў парэз лапы, хадзілі ў клініку, мінімум 20 рублёў мы аддавалі за лячэнне», – кажа Кацярына Скорык.

Вядома, на двары сабакі павінныя набегацца, але як спусціць Тузіка з павадка, калі праз месца для выгулу ходзяць людзі: скарачаюць шлях да крамы. Жыхары мікрараёну Казіміраўка кажуць:

«Яно не косіцца, вы паглядзіце, трава па пояс, сабака можа выскачыць на дзіця ў любы момант, ну, вядома, гэта няправільна, трэба мяняць гэта».

«Трэба, каб сабакам надзявалі наморднікі, людзі баяцца не будуць і дзеці таксама».

«Я адзін раз ішла: дог нейкі быў, і на гэта самае, я кажу, без намордніка такую сабаку, конь цэлы, яна – гэта для выгулу. Я разумею, можна зняць наморднік, калі ёсць агароджа нейкая».

Агарадзіць месца для выгулу ўжо не першы год просяць камунальнікаў гаспадары сабак. У ЖЭУ-19, за якім замацаваная пляцоўка, каментаваць сітуацыю на камеру адмовіліся. Маўляў, сабачнікі да іх не звярталіся, трава косіцца адпаведна графіку, а ўсё астатняе вырашае аддзел добраўпарадкавання КУП ЖРЭУ Ленінскага раёну, у якім каментуюць сітуацыю наступным чынам:

«Ім жа агароджу, адразу казалі, па-мойму, што ніхто ставіць не будзе, бо гэта не прадугледжанае і нічым не рэгламентуецца. Пакос травы ажыццяўляецца, ды касіць павінны, але таксама па меры неабходнасці», – тлумачыць спецыяліст.

Паводле закону, зоны для выгулу сабак – месцы агульнага карыстання, доступ да іх мае кожны. Каб тэрыторыю агарадзіць, патрэбна браць зямлю ў арэнду і плаціць адпаведны падатак.

«Узяць сваймі сіламі нешта зрабіць, а потым нас аштрафуюць за тое, што зрабілі незаконна», – гаворыць жыхарка Казіміраўкі Алена Шэршэнь.

Хоць у Магілёве былі і станоўчыя прыклады. Дзякуючы ініцыятыве заводчыка аўчарак Вячаслава ўжо 5 гадоў існуе Алтайская даліна – пляцоўка для выгулу, дрэсіроўкі і сацыялізацыі сабак, зробленая рукамі ды за грошы гараджанаў. Вячаслаў Шумянкоў сцвярджае:

«Для таго, каб паставіць пляцоўку, хоць бы ўзгадніць з ЖЭУ, не прасіць там нікога пра тое, што вось дайце нам фарбы, вось гэта, як той казаў, не ў наш час, гэта значыць самым паспрабаваць зрабіць пачаткова нешта».

Натуральна, ніхто не дасць гарантыі, што, напрыклад, заўтра гэтае месца не спатрэбіцца гарадскім уладам. Але, зыходзячы з практыкі, бачна, што разлічваць пакуль можна толькі на свае ўласныя сілы і сродкі.

Вольга Васільева, belsat.eu