Небяспечны лёд


Тым часам гарады краіны захапіла галалёдзіца. Людзі скардзяцца на слізкія ходнікі і дарогі. Ажно дзве тысячы чалавек за апошнія два дні звярнуліся да траўматолагаў. Камунальнікі ж тым часам занятыя іншай «важнай» на іх думку справай – пасыпаюць пяском сцягі на заледзянелых азёрах. Анастасія Русецкая працягне.

На каньках – па асфальце! Такую карціну напярэдадні можна было назіраць у розных гарадах Беларусі. Прычынай анамальнай галалёдзіцы стаўся паўднёвы цыклон. У нашую краіну, дзе трымалася мінусавая тэмпература, ён прынёс мокры снег з дажджом.

Жыхары Магілёва распавядаюць:

«Раніцай учора, як першы дзень гэта было, давялося спазніцца на працу. У мяне маленькае дзіця вельмі цяжка ішло па дарозе, падаў, не пасыпана. Раніцай а сёмай гадзіне мы выехалі з дому, ехаць немагчыма было».

«Учора мой унук ішоў у першы клас і некалькі разоў упаў. Гэта добра, што без наступстваў. Раніцай было ўвогуле немагчыма».

«Я выйшла з пад’езду, надзела дуцікі, яны ж слізкія, не разлічыла. Побач гэтая скрыня з пяском стаіць, але ніхто не пасыпае. Я толькі думала, хоць бы ў гэтую скрыню галавой не ўрэзацца».

Мянчанцы Святлане пашанцавала меней. Яна паслізнулася і ўпала каля свайго дому. У траўмапункце дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, да медыкаў з траўмамі за два дні звярнуліся больш за дзве тысячы беларусаў. Больш за ўсё пацярпелых ад галалёду ў Гомельскай вобласці – амаль 900 чалавек.

Змагацца з абледзянелымі ходнікамі, каб уратаваць сябе ад падзення, беларусам даводзіцца самастойна. Гэтак, гамяльчанка, каб бяспечна прайсці па коўзкай вуліцы, дастала пачак солі ды пасыпала перад сабой дарогу. Незадаволеныя працай камунальнікаў і жыхары іншых гарадоў.

Магілёўцы абураюцца:

«Падаткі з нас яны патрабуюць, мы плацім і за дарогі, і за розную лухту, а пяском нідзе нічога не пасыпана. Людзі ломяць рукі, ногі».

«Упала літаральна секунду таму. Да гэтага часу баліць».

«Дзе пасыпана, там нармальна. А дзе не пасыпана, там не вельмі зручна».

Рабіць у час сваю працу камунальнікам, відаць, замінае занятасць. Яны засыпаюць пяском… сцягі на лёдзе. Змагацца з бел-чырвона-белымі сімваламі дапамагаюць ім і іншыя службы. На сцягі ў сажалках палюе «Зялёнбуд».

Жыхары Віцебску кажуць:

«Мне здаецца, ёсць іншыя справы, чым па сажалках лазіць».

«Я б на месцы дзяржавы прасцей да гэтага ставіўся. Трэба даваць людзям голас».

«Па-мойму, можна паглядзець навокал і пабачыць, што ёсць больш важныя справы».

«Непрыгожа гэта рабіць. У кожнага сваё меркаванне. Я, напрыклад, да бел-чырвона-белага сцяга стаўлюся вельмі добра».

Галалёдзіца захаваецца і заўтра. На нядзелю сіноптыкі абвесцілі жоўты ўзровень небяспекі.

Анастасія Русецкая Белсат