Аб'ектыў 13.03.2017 Не заплацілі дармаедскага падатаку? Чакайце гасцей!


Калі вы не ідзяце ў падатковую, падатковая ідзе да вас. Такі прынцып узялі на ўзбраенне чыноўнікі Светлагорску. Да тых, хто атрымаў «лісты шчасця», апошнім часам завітваюць у госці, прычым не працаўнікі самой падатковай, а лекары.

Адчыняючы дзверы дзвюм жанчынам, адная з якіх назвалася ўчастковаю доктаркаю, жыхарка Светлагорску Таццяна Наскова, маці дарослага сына, не магла і ўявіць, што атрымае запрашэнне ў падаткавую.

«Я думала, можа ён флюараграфію не прайшоў, была гатовая адказаць, і раптам другая жанчына запытала, чаму ён не прыйшоў у падаткавую службу. Доктар маўчала, мне здаецца ёй была сорамна і непрыемная гэтая сітуацыя. А другая жанчына прызналася, што яна бухгалтар», – узгадвае спадарыня Наскова.

Дактары ходзяць са спісам «дармаедаў»

Кабеты не патлумачылі, чаму нагадаць пра «ліст шчасця» прыходзіць участковы доктар дый чаму пытанне дасюль стаіць, хоць Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў пра адтэрмінаванне аплаты на год. Аднак, відавочна, «доктар з падаткавай» завітаў не адно да Таццяны.

«Гляджу, у яе такі вялікі, прыстойны спіс у руках. Яна пазначыла, а другая жанчына сказала «Ну трэба зʼявіцца ў падатковую», а я кажу – «Гэта ж не справа лекараў хадзіць па дамах», Я лічу, што медыкі ў гэтай сітуацыі былі прыніжаныя», – зазначыла Таццяна Наскова.

Прыніжаныя не толькі дактары

«Быў спіс і ўтраіх прыйшлі, запыталі, ці атрымлівалі «ліст шчасця».Сказалі падыйсці ў падатковую міліцыю», – распавяла пра людзей з Райвыканкаму жыхарка Светлагорску.

Працаўнікоў дзяржаўных установаў да барацьбы з гэтак званымі дармаедамі далучаюць не толькі ў Светлагорску. Падчас наўпроставай онлайн-трансляцыі «Белсату» з пратэсту ў Рагачове адзін з удзельнікаў паведаміў, што на прадпрыемстве, дзе робяць знакамітае рагачоўскае згушчонае малако, кіраўніцтва запужвае працаўнікоў.

«Зараз вы бачыце шмат тут людзей – вялікай колькасці тут няма, бо ім пагражалі звальненнем на тым жа МКК і іншых прадпрыемствах. Прамым тэкстам – «калі мы ўбачым вас на фатаграфіях, мы вас звольнім», – падзяліўся з «Белсатам» Антон Сяліцкі, удзельнік акцыі ў Рагачове.

У Светлагорску ж слава «дактароў» з падаткавай ужо разышлася. Пагатоў працы ў Светлагорску няма: калісьці квітнеючы «Мантажлёгмаш» зліквідавалі, на «СветлагорскХімвалакне» масавыя скарачэнні былі яшчэ летась, у такім стане ды іншыя прадпрыемствы. Таму, незалежна ад таго, хто прыйдзе нагадаць пра падатак, плаціць яго проста няма чым.

Марына Вашкевіч, «Белсат», NG Collection / Interfoto / Forum

Глядзі таксама
Каментары