«Не вайна, а канкурэнцыя». Расея забараняе беларускае малако


«Рассельгаснагляд» уводзіць новыя абмежавальныя захады ў дачыненні беларускіх вытворцаў.

З панядзелка расейскі кантралёр абмяжуе пастаўкі малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі з Беларусі. Афіцыйна – з прычыны выяўлення забароненых і шкодных рэчываў.

«Малочная вайна паміж Беларуссю і Расеяй носіць доўгатэрміновы характар і няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што яна скончыцца. Прычына гэтая найперш палітычная, таму што эканамічныя стасункі тут адыгрываюць другасную ролю», – – кажа шэф-рэдактарка парталу «agroLIVE» Іна Гармель.

Пад забарону трапіла ў тым ліку сухое малако і вяршкі. Абмежаванне гэтай прадукцыі паспрыяе найперш расейскім вытворцам, якія назбіралі рэкордныя складскія запасы сухога малака, сыру і масла.

На меркаванне эканаміста Леаніда Заікі, малочны канфлікт паміж Расеяй і Беларуссю – гэта не вайна, а вынік канкурэнцыі на расейскім рынку. І гэтае змаганне беларускія вытворцы прайграюць у тым ліку праз якасць прадукцыі.

«У Расеі даволі такі высокія стандарты на малако, на свежае малако. Гэта не малочны прадукт, які мы прадаем. Па-другое, Расея выганяе са свайго рынку ўсіх літоўцаў, палякаў выгнала, французаў. Зараз беларусы будуць самі сыходзіць са слязьмі на вачах», – кажа эканаміст.

Улады Беларусі з прэтэнзіямі Масквы не згодныя і настойваюць на добрай якасці беларускага малака.

У кожным разе Беларусь ніяк не зможа адказаць на расейскія абмежаванні, адзначаюць адмыслоўцы. Бо рынак Расеі застаецца галоўным для беларускіх вытворцаў.

«У Беларусі няма выбару. Расейскі рынак для нашых харчоў застаецца асноўным, – кажа Іна Гармель. – Можна чакаць нейкіх гучных палітычных заяваў на самым вышэйшым узроўні, як гэта звычайна адбываецца».

Але ў кожным разе давядзецца дамаўляцца. Адначасова з увядзеннем забароны ў Маскве адбудуцца кансультацыі ў пытанні паставак малочнай прадукцыі ў Расею.

Вольга Жарнасек; фота вокладкі – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum