«Не ўжываць мяса – модна». Чаму вегетарыянства стала папулярным?


Пра моду на вегетарыянства хіба ўжо ўсе чулі. Шмат сказана і пра негатыўны ўплыў мяса на арганізм чалавека, праўда, і пра пазітыўны таксама. Мясаеды сцвярджаюць, што без мяса чалавеку не выжыць, вегетарыянцы ж са свайго боку запэўніваюць: прадукты жывёльнага паходжання – галоўны вораг здароўя. Дыскусіі ператвараюцца ў сапраўдныя палі бою.

Есці мяса ці не есці – вось у чым пытанне для сучаснай моладзі! Вегетарыянства, веганства, нут, фаляфэль, спаржа, соя – гэтыя модныя словы хутка ўкараняюцца ў нашай культуры. Але ці ёсць рэальныя падставы адмовіцца спажываць мяса?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Мы завіталі на прастору Задзіночання беларускіх студэнтаў, дзе ў рамках «Зялёнага клубу» актывісты Беларускіх маладых зялёных правялі сустрэчу-дыскусію на тэму мясаедства і вегетарыянства.

«Гэта модна – не ўжываць мяса быццам толькі праз здароўе, але насамрэч гэтае пытанне тычыцца і этыкі, і экалогіі», – кажа каардынатарка БМЗ Вераніка Яновіч.

Вегетарыянцы цалкам выключаюць са свайго рацыёну мяса і рыбу, замяняючы макраэлементы жывёльнага паходжання расліннымі.

«Ад мяса адмаўляцца, канечне, карысным не назавеш. Мяса патрэбнае як крыніца бялку, пратэіну для арганізму. Але ў тым сэнсе, што крыніцу можна змяніць, – гэта так, такое ёсць. Напрыклад, замест мяса ўжываць больш бабовых, малочныя прадукты, ужываць яйкі», – папярэджвае доктар Уладзімір Пруднікаў.

Сёння вегетарыянцы падзяляюцца на тых, хто свядома прыйшоў да гэтага ладу жыцця, і тых, хто пацягнуўся за модай.

«Я перайшла на вегетарыянства, бо разумела, што мяса я не хачу есці з экалагічных прычынаў, дзеля свайго здароўя і з этычных прычынаў, вядома. І вегетарыянства – гэта быў пераходны мосцік да веганства», – дзеліцца думкамі веганка Каміла Ервмеева.

Каміла сцвярджае, што дзякуючы вегетарыянству яна стала нашмат лепей пачувацца фізічна і нават зрабілася дабрэйшаю да іншых людзей, у яе з’явілася шмат энергіі.

«Раней, калі я ела мяса, мне трэба было ляжаць дзве гадзіны, каб гэта ўсё стравілася, а цяпер гэта ўсё страўліваецца за паўгадзіны, ну, калі я не ем бобу, і я ўжо гатовая тварыць, гатовая ісці куды заўгодна дапамагаць гэтаму свету», – працягвае Каміла.

Калі ж казаць пра кошт, то вегетарыянскі і веганскі лад жыцця сталі больш даступнымі. Галоўнае – харчавацца не ў кавярнях, а гатаваць у хаце. Дый у крамах прадукты, напрыклад, з той жа соі ўжо не так дзівяць беларускага пакупніка.

Марыя Арцыбашава belsat.eu