Аб'ектыў 23.02.2019 «Не тамада». Іван Кірчук распавёў, хто павінен весці беларускае вяселле


Як бралі шлюб нашыя прадзеды? Які сэнс укладалі ў спевы, строі ды стравы? І як ім удавалася жыць разам доўгія гады? Пра гэта гарадзенцам распавёў Іван Кірчук, лідар этнагурта «Троіца».

Толькі з блаславення бацькоў маглі пабрацца шлюбам нашыя прабабулі ды прадзядулі. Перад тым, як даць згоду, бацькі ацэньвалі не толькі абранніка або абранніцу свайго дзіцяці, але і продкаў другой паловы.

Вясельныя абрады доўжыліся некалькі дзён, і падчас кожнай дзеі абавязкова гучалі песні. Менавіта таму іх было так шмат – даследчыкі назбіралі больш за 400.

Відэасюжэт з сустрэчы з Іванам Кірчуком глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 лютага

Кожнае, нават самае празаічнае дзеянне было напоўненае магічным сэнсам.

«Адная са студэнтак з-пад Берасця распавядала мне, што яна вельмі хацела паглядзець, як ёй будуць рабіць каравай. Яна прыадкрыла дзверы, але калі жанчыны, якія былі ў кухні, яе ўбачылі – то пачалі сварыцца, казаць: «Ты што! Мы дзяцей маем, а ў цябе іх можа не быць!», – распавядае Іван Кірчук.

Самыя гледачы называюць аповед Івана Кірчука казкай і цудадзейным спектаклем.

«Гэта тое, што ўспрымаецца лёгка нават на падсвядомым узроўні. Калі адбывалася першая сустрэча, у мяне было такое адчуванне, што мяне сапраўды ў чоўнік пасадзілі, ад берагу адштурхнулі – і я нават словаў у прынцыпе не чуў. Мяне проста паглынула гэтая атмасфера», – кажа гаспадар гараденскай этнапрасторы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч.

Традыцыя – гэта мудрасць, накопленая стагоддзямі, таму варта да іх звярнуцца – і, можа, шлюбы стануць мацнейшыя – раіць музыка.

«Не тамада павінен весці вяселле, а сват або свацця, якія павінныя ведаць, што было ў вашай сям’і, што было ў вашым рэгіёне. Не трэба прыцягваць кітайскае, японскае – тое, чым упрыгожваюць сучаснае вяселле. Нашае – прыгожае. Гэта нашая зямля, на якой жылі нашыя продкі, якія ляжаць у гэтай зямлі», – дадае Кірчук.

Сёлета гарадзенцы ўбачаць выбітнага музыку ды этнографа яшчэ некалькі разоў. Іван Кірчук раскрые таямніцы Купалля, раскажа, як хлопцаў выпраўлялі ў рэкруты і як нашыя продкі святкавалі Дзяды і Каляды.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары