Аб'ектыў 09.01.2019 Не хацела хадзіць у садок, бо нікога не разумела. І вось што прыдумалі бацькі


Ядзвіга пайшла ў афіцыйна беларускамоўную групу, але выкладанне і выхаванне там вялося па-расейску. Дзяўчынка нікога не разумела і не хацела туды хадзіць. Бацькі прыдумалі ёй матывацыю.

«Твая місія, задача – навучыць дзетак беларускай мове. Бо бацькі іхныя па-беларуску не размаўляюць, выхавальніцы тады-сяды, але ж ты размаўляеш, таму спрабуй іх вучыць», – кажа Сяргей Мудрачэнка, тата Ядзвігі.

Бацькі знайшлі яшчэ дзве беларускамоўныя сям’і ў Серабранцы, якія таксама аддалі дзетак у тую ж групу. Пасля гэтага адная з выхавальніц, з адукацыі настаўніца беларускае мовы, перайшла на родную мову.

«Мы ўжо адчуваем зрухі. Ужо і з’явіліся кнігі беларускія, і я чую, што дзеці, Ясіны калегі, ужо нейкія беларускія словы самі ўжываюць, разумеюць», – дадае тата дзяўчынкі.

Але цалкам запоўніць кантэнт пакуль не выходзіць. Тады тату Богуся Яўгену Бойку прыйшла ідэя зладзіць краўдфаўндынгавую кампанію, каб набыць мастацкую, метадычную літаратуру, настольныя гульні ды абсталяванне для стабільнай дзейнасці беларускамоўнай групы ў садку №403.

«Мы зразумелі, што нам важна не толькі каб нашыя дзеткі хадзілі ў беларускамоўны садок, а каб нашыя дзеці раслі ў беларускамоўнай атмасферы. Ва ўсёй Беларусі. І значыцца тое, што атрымалася ў нас, павінна атрымацца па ўсёй Беларусі. Не зверху, а калі самі бацькі ў 2–3 чалавекі змогуць змяняць у сябе сітуацыю», – Яўген Бойка.

Таму ў межах кампаніі зладзяць форум, на які збяруць іншых зацікаўленых бацькоў, з якімі разам будуць распрацоўваць стратэгіі, як рэфармаваць сістэму адукацыі намаганнямі самых бацькоў ды павялічваць колькасць беларускамоўных групаў у краіне.

Эксперты адзначаюць, што сітуацыя з беларускамоўнымі садкамі катастрафічная. Аднак статыстыка гэтага не перадае. Бо беларускамоўныя школы і садочкі ёсць, але беларускасць у іх зводзіцца да справаводства па-беларуску, на справе ж выхавальніцы часта не здольныя размаўляць на роднай мове.

«Многія чыноўнікі не разумеюць, што мова – гэта негвалтоўны абароннік нашай незалежнасці, нашай дзяржаўнасці. Па-другое, ёсць іншыя чыноўнікі, якія свядома працуюць на тое, каб русіфікаваць Беларусь», – кажа Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы.

Да таго ж не забываймася пра запавет класіка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Падтрымаць краўдфаўндынгавую кампанію цягам бліжэйшых 2 тыдняў можна на пляцоўцы «Улей».

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары