Не хапіла бюлетэняў – як прайшоў асноўны дзень галасавання


Выбары-2020 афіцыйна – адбыліся, але шмат хто не змог прагаласаваць, бо выбарчыя ўчасткі былі не гатовыя ўсіх прыняць. Затое былі гатовыя правесці экзітполы незалежныя сацыялагічныя службы, але ім не дазволілі. Паводле ж экзітпоулу прадзяржаўнай Моладзевай лабараторыі, за Лукашэнку прагаласавалі 79,7 %. За Святлану Ціханоўскую 6,8 %.

Не зачыненыя скрынкі для галасавання, роўныя стопкі бюлетэняў унутры, агітацыя за Аляксандра Лукашэнку проста на выбарчым участку. Відэа і фота з такімі парушэннямі журналістам дасылаюць і недзяржаўныя назіральнікі, і самі выбарцы. На ўчастку №24 Завадскога раёну сталіцы камісія ўжо з раніцы выставіла копію выніковага пратаколу – са стоадсоткавай яўкай выбарнікаў і нават з падлічанымі галасамі: 2 за Ганну Канапацкую, 250 за Лукашэнку, астатнім нуль. І паўсюль выганялі на вуліцу або пазбаўлялі акрэдытацыю незалежных назіральнікаў.

«На тэрыторыі ўчастка мы не можам знаходзіцца, з-за вядомага загаду. А на тэрыторыі школы не можам, бо гэта рэжымны аб’ект», – тлумачыць назіральнік участку № 20 Бабруйску Яўген Мамойка.

«Зразумела, што нас на дапусцяць на падлік галасоў», – кажа назіральніца ўчастку № 17 Бабруйску Святлана Грыцэнка.

Але нават з вуліцы назіральнікі бачаць, што ў камісіі завышаныя лічбы датэрміновага галасавання.

«У нашым участку перавышэнне яўкі каля 100%, потым адсотак павялічыўся. Колькасць людзей, якія ўваходзяць у будынак, значна менш, чым тых, хто прагаласаваў», – кажа Арцём, незалежны назіральнік у Менску.

«За першы дзень у мяне было 17 чалавек, а камісія напісала ў пратаколе 63», – распавядае назіральніца ўчастку № 35 Берасця Маргарыта Вялічкіна.

Тым не менш, старшыня Цэнтрвыбаркаму яшчэ ўдзень абвесціла прэзідэнцкія выбары дзейнымі, перадусім за кошт галасавання датэрмінова. Вось што кажуць жыхары Гомля:

«Магчыма армія, міліцыя, бюджэтнікі. У іх выходны. Маглі прагаласаваць у працоўны дзень у нармальны час прагаласаваць».

«Назіральнікі фіксуюць, што 60-70 чалавек зайшло ў школу, а ў пратаколе напісана 180-190».

«Тое, што яны яўна хаваюць, гэта ўсяму народу бачна. Бо калі яны выганяюць назіральнікаў з выбаркамаў, проста ўнаглую кажуць: міліцыю выклічам».

Міліцыя прыехала і падчас апытання жыхароў Гомля, якое ладзіў журналіст-фрылансер. Сёння, у асноўны дзень галасавання, і ля нашых амбасадаў за мяжой, і ў буйных гарадах Беларусі стаялі кіламетровыя чэргі ахвотных прагаласаваць – па некалькі тысячаў чалавек. На ўчастку №42 Першамайскага раёну сталіцы пасярод дня скончыліся бюлетэні. Таксама школы зачынялі на дэзынфекцыю.

«Настрой баявы, вы ж бачыце, столькі людзей прыйшло. Такога не было раней у гісторыі», – кажа Марына, якая жыве ў мікрараёне Кунцаўшчына.

Лідзія Ярмошына заявіла, што чэргі на ўчастках гэта правакацыя. І ў выніку ў галоўны дзень галасавання на некалькіх участках у Беларусі і за мяжой тысячы грамадзянаў проста не змаглі ўдзельнічаць у выбарах.

Галоўнаю кандыдатку ад апазіцыі Святлану Ціханоўскую на галасаванні вялізны натоўп сустракаў апладысментамі.

«Я заклікала і чальцоў выбарчай камісіі – калі ласка, галасы лічыце правільна. Вы ж настаўнікі, вучыце нашых дзяцей…

…Калі ўладзе няма чаго баяцца, калі б выбары былі справядлівыя. Ды калі б увесь народ быў за Аляксандра Рыгорыча, мы б з гэтым пагадзіліся, калі б выбары былі справядлівыя», – заявіла Святлана Ціханоўская на выбарчым участку.

Аляксандр Лукашэнка галасаваў у фізкультурным універсітэце. Ён намякнуў, што супраць яго з-за кратаў Следчага ізалятара КДБ дзейнічае арыштаваны банкір Віктар Бабарыка, якога не зарэгістравалі кандыдатам на прэзідэнцтва.

«Яны кідаюць гэтыя грошы на супрацьстаянне з уладамі. А раптам атрымаецца, раптам людзі на вуліцы выйдуць, раптам прыстрэляць гэтага Лукашэнку», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Святлану Ціханоўскую Лукашэнка назваў бедалагай, якая не разумее, што адбываецца. І паабяцаў хуткі адказ на любыя спробы пасеяць хаос.

«Ніхто ніякіх рэпрэсіяў у парушэнне закону не рабіў і рабіць не будзе. Выконвайце закон…

…І тое, мы яшчэ мякка адказвалі. Я заўжды стрымліваў праваахоўнікаў», – заявіў Лукашэнка.

У галоўны дзень галасавання спецназ перакрыў подступы да Адміністрацыі Лукашэнкі, у цэнтр сталіцы ды буйных гарадоў выехала бронетэхніка, аўтазакі, вадамёты, унутраныя войскі са спецсродкамі, калючым дротам і зброяй.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»