(Не)дасяжная агітацыя


Страты праз Чарнобыльскую катастрофу, беднасць і голад. Гэткаю напачатку 90-х Аляксандр Лукашэнка прыгадаў Гомельшчыну. Адраджэнне вобласці, перадусім – Палесся, кіраўнік Беларусі назваў адным са сваіх галоўных дасягненняў.

«Мы былі босыя, без штаноў, галодныя не толькі таму, што ў нас не было сродкаў, каб жыць і існаваць. Праблема складалася ў тым, што мы не ведалі, як зрабіць лепш […] Я для сябе прыняў рашэнне, што гэты квітучы і найпрыгажэйшы куток […] павінен жыць, мы яго ні ў якім разе не павінны пакінуць на волю лёсу», – сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адзначыў Лукашэнка і дасяжнасць медыцыны для людзей. Сёння ж – адкрыў у Гомлі новую цэнтральную паліклініку. Гэты абʼект заклалі яшчэ ў 2009 годзе і вось ледзьве паспелі скончыць да сёлетніх выбараў. Сярод слухачоў урачыстай прамовы кіраўніка краіны бачым перадусім людзей у белах халатах, а непадалёк абʼекту – калоны прыпаркаваных аўтобусаў. Да іх, выслухаўшы прамову афіцыйнага лідара, людзі і рушылі арганізаванымі калонамі. А ці было што спытаць у Аляксандра Лукашэнкі выпадковым гомельцам?

«Калі мы будзем добра жыць, не так, як у тэлевізары, а як насамрэч?»

«Пара скончваць сваю дзейнасць і пусціць людзей, якія гэтую краіну, можа быць, да чагосьці прывядуць нармальнага».

«Дзе нашыя абяцаныя 500 долараў? Дзе яны?»

Грамадзяне, з якімі звычайна сустракаецца Аляксандр Лукашэнка – мясцовы актыў – аналогія савецкіх партыйна-гаспадарчых актываў, што складаліся з мясцовага кіраўніцтва, чыноўнікаў і наменклатуры. З гэткім «турнэ» з пачатку выбарчай кампаніі дзейны кіраўнік абʼездзіў усю Беларусь, але ж не правёў аніводнага пікету ў вызначаных для агітацыі месцах.

«Лукашэнка сустракаецца не з народам, а менавіта з мясцовым начальствам. Такога раней не было, падчас папярэдніх выбараў, і гэта вельмі паказальна. То бок Лукашэнка не спадзяецца на падтрыманне народа і ў прынцыпе гэтае падтрыманне не тое, што яму не вельмі важнае, але для яго гэта не галоўнае. Галоўнае – як будуць лічыць галасы», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Першы этап маніторынгу асвятлення выбараў у медыях, зладжаны Беларускай асацыяцыяй журналістаў, паказаў наступнае: асаблівай увагі выбарчай тэматыцы дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не надавалі, аднак дзейны кіраўнік Беларусі з галоўных тэмаў не знікаў. Праблемы з роўнасцю ўмоваў для вядзення кампаніі кандыдаты зазналі і на этапе агітацыі.

«У Гомельскім рэгіёне, калі Аляксандр Лукашэнка амаль ва ўсіх гарадах на ўсе пляцоўкі падаў заявы на правядзенне пікетаў, магчымасці звязацца з яго групай няма, дамовіцца – немагчыма. Але ж зразумела, што праводзіць там яны іх рэальна не будуць штодня зранку да вечара», – распавяла Вольга Кавалькова з абʼяднанага штабу Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыка.

Скарыстацца ж правам выступаў на дзяржаўных тэлеканалах можна падчас агітацыі. Сёння кандыдатка на прэзідэнта Святлана Ціханоўская выступіла з першым зваротам на тэлебачанні.

«Улады не зарэгістравалі Сяргея Ціханоўскага ды іншых моцных кандыдатаў, але зарэгістравалі мяне. Чаму? Таму што яны бачаць у гэтых мужчынах пагрозу, толькі яны не зразумелі, што гэта не кандыдаты, гэта народ, якому надакучыла жыць у прыніжэннях і несвабодзе… Я хачу быць прэзідэнтам, каб аднавіць справядлівасць у краіне», – сказала кандыдатка на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская.

Наперадзе кандыдатаў чакаюць тэледэбаты. Сам Аляксандр Лукашэнка апошні раз браў удзел у дэбатах 26 гадоў таму. Пра сваю адмову ўдзельнічаць у іх ужо заявіла Ганна Канапацкая. Яна, як і дзейны кіраўнік краіны не лічаць патрэбным таксама і праводзіць выбарчыя пікеты.

Юлія Лабанава, «Белсат»