«Не акрэдытуем НТВ». Праваабаронцы Расеі знайшлі як змагацца з праблемамі


На адмысловым з’ездзе ў Маскве праваабаронцы з усёй Расеі шукалі развязання самых вострых праблемаў з правамі чалавека ў краіне. Праблемаў налічылі процьму, як і чыннікаў, што замінаюць з імі змагацца. Але ці знайшлі развязанне?

Адмысловы агульнарасейскі з’езд склікалі перадусім з-за набліжэння прэзідэнцкіх выбараў – на меркаванне праваабаронцаў, чым менш застаецца да волевыяўлення, тым мацнее афіцыйна прапаганда, тым больш распальваецца нянавісць у расейскім грамадстве. Агулам, на зʼездзе прыйшлі да высновы, што працэс трансфармацыі краіны з аўтарытарызму ў дэмакратычную дзяржаву пайшоў у адваротны бок. Ратунак – у канстытуцыі

«Каб гэтая дзейнасць не была засяроджаная на асобных персаналіях і з’явах, мы мяркуем, што трэба яднаць намаганні вакол галоўнага дасягнення пачатку 90-х – канстытуцыі Расейскай Федэрацыі, стрыжня захавання свабодаў і правоў грамадзянаў», – кажа кіраўнік руху «За правы чалавека» Леў Панамароў.

Праўда пасля гэтых словаў праваабаронцы ўдакладнілі сваю пазіцыю па свабодзе прэсы.

«Мы не дапускаем, не акрэдытуем дзве тэлекампаніі – НТВ і РЕН ТВ. Яны вось намагаліся прайсці да нас, а мы іх не пусцілі», – дадае Панамароў.

У галасаванні, што адбылося ўжо пасля гэтае заявы, абсалютная большасць праваабаронцаў падтрымала такую захаду. Не пускалі ў залю і актывістаў пракрамлёўскага руху НОД, але адной жанчыне ўдалося прарвацца і абвінаваціць праваабаронцаў у падтрыманні развалу

Тым часам з’езд працягваў шукаць выйсце з існай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Расеі.

«Сам па сабе наступ на правы чалавека на ўсіх накірунках нараджае грамадзянскі супраціў, нараджае грамадзянскіх актывістаў. У гэтым можа быць нашая надзея. У гэтым выпадку нашая роля ў тым, каб трансляваць нашыя каштоўнасці гэтым актывістам», – заяўляе Аляксандр Чаркасаў з праваабарончай супольнасці «Мемарыял».

У якасці прыкладу праваабаронцы ўзгадалі муніцыпальныя выбары ў расейскай сталіцы, якія сталі надзвычай паспяховымі для мясцовай дэмакратычнай апазіцыі. Яны перамаглі нават на ўчастку, дзе галасаваў сам Уладзімір Пуцін. Тым часам з канкрэтных захадаў, праваабаронцы прынялі рэзалюцыю ў якой заклікалі ліквідаваць Упраўленне па супрацьдзеянню экстрэмізму МУС Расеі.

«Лічба асуджаных па крымінальным артыкулам за злачынствы супраць падмуркаў канстытуцыйнага ладу і бяспекі з 2003 году павялічылася ў 28 разоў, – кажа Леў Панамароў. – Ці можна паверыць у тое, што лічба злачынцаў павялічылася ў 28 разоў? Канешне не! Справа ўва ўзмацненні ціску дзяржавы на грамадства. Дзяржава ў нас стала галоўным экстрэмістам».

То бок пакуль праваабаронцы заклікаюць бараніць канстытуцыю, расейскія ўлады выкарыстоўваюць законы краіны дзеля барацьбы з нязгоднымі. І з набліжэннем сакавіцкіх выбараў прэзідэнта, сітуацыя будзе толькі пагаршацца, прыйшлі да несуцяшальнай высновы праваабаронцы.

Усевалад Шлыкаў