НДА хочуць большага дыялогу з дзяржавай


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/1Gjehwn9Wuw”][vc_column_text]«Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі» – на канферэнцыі пад гэткай назвай у Менску сабраліся разам грамадскія актывісты з 70 арганізацыяў, якія аналізавалі праблемы і шукалі шляхі развязання праз удасканаленне «Дарожнай мапы» супрацы паміж недзяржаўнымі арганізацыямі і прадстаўніцтвам Еўразвязу ў Менску.

«Найбольш рэзкія пярэчанні, якія мы маем да гэтага дакументу, тычацца наўпроставага ўзгадавання «go-ngo» – дзяржаўных НДА, з якімі Еўрапейскі звяз лічыць магчымай супрацу ў пэўных галінах, дзе можа быць выкарыстаны іх патэнцыял. З нашага пункту гледжання, гэта пэўнае супярэчанне логіцы дакументу», – заяўляе палітолаг Андрэй Ягорашёў.

Адзін з заснавальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту нагадвае, што менавіта выкананне Беларуссю «Дарожнай карты» зʼяўляецца ўмовай, на якой летась нашую краіну прынялі ў Балонскі працэс.

«Мы назіраем пэўны кансерватыўны рэванш зараз, калі ўлады гавораць, што ім не патрэбны заходні досвед – гэта пярэчыць самому духу Балонскай дэкларацыі і абавязальніцтвам Беларусі», – кажа прафесар філасофіі Уладзімір Дунаеў.

Летась Беларусь падпісала і Канвенцыю па правах інвалідаў. Але дакумент усцяж застаецца нават не ратыфікаваны. А таму ўзятыя ўладамі на сябе абавязальніцтвы працуюць толькі на паперах.

«Насамрэч праблема не ў тым, што камусьці не стае дапамогі, хоць і ў гэтым таксама. Галоўная сутнасць праблемы палягае на тым, што не выконваюцца правы чалавека для людзей з-за іх інваліднасці. І гэта праблема грамадства», – лічыць Сяргей Драздоўскі з Офісу па правах людзей з інваліднасцю.

Улада ж дзейнічае на карысць грамадства толькі там, дзе можа атрымаць уласную карысць і дзяржава.

«Напрыклад, аднолькава цікавым для абодвух бакоў можа стацца далучэнне Беларусі да праграмы «Крэатыўная Еўропа». Без дзяржавы гэта зрабіць нельга. Калі ж дзяржава пабачыць сваю выгоду, выгодна будзе ўсім. Але ж падпісаць павінна дзяржава», – заяўляе Таццяна Пашэвалава з Беларускай нацыянальнай платформы.

Прапановы супрацы з ўладамі ўдзельнікі задакументавалі ды ўхвалілі адмысловую рэзалюцыю па пенсійнай рэформе. Цяпер у стратэгіі дыялогу крок – за чыноўнікамі.

Валер Руселік, «Белсат»