Назло санкцыям інвестклімат адмарожу!

Забудзьцеся пра інвестыцыйныя праграмы, запрашэнне еўрапейскіх партнёраў ды інвестыцыйны клімат. Цяпер у «луканоміцы» новы трэнд – шчэрыць зубы. Аляксандр Лукашэнка загадаў верным яму чыноўнікам увесці санкцыі супраць заходніх прадпрыемстваў, што працуюць у Беларусі. Гэта ў адказ на абмежаванні, уведзеныя ЗША і Еўразвязам адносна Лукашэнкі і ягонага атачэння за падробку выбараў, беззаконныя і жорсткія дзеянні сілавікоў.

Санкцыі краінаў Захаду супраць сілавікоў, Цэнтрвыбаркаму, блізкіх да Лукашэнкі алігархаў і яго самога Лукашэнка назваў «бандыцкімі». І на адмысловай сустрэчы з чальцамі ўраду запатрабаваў сіметрычны адказ – ударыць па замежных прадпрыемствах на беларускай тэрыторыі. А гэта некалькі тысячаў фірмаў, ад буйных да зусім дробных.

«Калі яны зрабілі крокі ў няправільным напрамку і пачынаюць нас нахіляць, мы павінны сіметрычна адказаць. Не трэба баяцца, трэба ўжо ім паказваць зубы», – загадаў Лукашэнка віцэ-прэм’еру Назараву.

Гучыць рашуча і пагрозліва, але ці будзе ўдар сіметрычным?

Вось што кажуць жыхары Віцебску:

«Я думаю, мы іх нічым не напужаем. Але і яны нас не напужаюць».

«Ці можам мы пагражаць Амерыцы, Францыі ці Нямеччыне? Канешне, не. У нас усё рушыцца, а ў іх усё квітнее».

«Гэта выглядае глупа. Трэба спачатку мышцы накачаць, а потым іх паказваць камусьці».

Стан беларускай гаспадаркі сёння сапраўды кепскі, кажа Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса. А ўдар па замежных інвестарах ці нават пагроза такога ўдару валюты не прыбавіць.

«Гэта стрэл сабе ў галаву і нагу. У Беларусі малаадкрытая эканоміка, гэта 0,07 % сусветнага ВУПу, гэта мізэрная велічыня. Наш экспарт нават не перавышае 0,2 % сусветнага экспарту. У краны Еўразвязу гэта таксама велічыня крытычна малая. Няма ніякіх тавараў і тэхналогіяў, якія былі б выключна ў Беларусі і без якіх свет не мог бы функцыянаваць», – тлумачыць адмысловец.

Неразвязаны палітычны крызіс можа прывесці да патройнага эканамічнага заняпаду, папярэджваюць эксперты даследчага цэнтру ІПМ. Скарачаюцца і замежныя, і ўнутраныя інвестыцыі, людзі забіраюць грошы з банкаў, а ўсё таму, што няма даверу да прававой сістэмы, няма адчування бяспекі для бізнесу. У адміністрацыі Лукашэнкі, аднак, сваё бачанне.

«Нашым гэтым пратэстунам і тым, хто нас крытыкаваў, трэба сказаць, што ў гэтым годзе сельская гаспадарка выратавала нас, дабавіла 5 % (у цяжкія гады) і экспарт вельмі добра пойдзе. І дрэваапрацоўка твая!», – хваліў сваю эканамічную палітыку Лукашэнка.

Сёння ж Аляксандр Лукашэнка загадаў Савету Міністраў заканчваць – цытата – «рынкавую балбатню» і падрыхтаваць жорсткі план працы прадпрыемстваў на 2021. Хаця ніхто ў свеце пакуль не можа прадказаць, што будзе патрэбна на рынку ва ўмовах пандэміі.

«Ні ў Лукашэнкі, ні ў Савету міністраў, ні ў каго няма іншага праекту, бачання кірунку развіцця. Таму яны і робяць тое, што раней. У 1994-м годзе Лукашэнка спытаў: хтосьці ведае, што такое рынкавая эканоміка? Не, не ведаем. Тады будзем рабіць тое, што ведаем, будзем рабіць савецкі Дзяржплан», – смяецца Яраслаў Раманчук.

Нават у банкаўскай сферы Савет Міністраў не толькі не адмовіўся ад дырэктыўнага крэдытавання, але і скіраваў туды ў тры раз больш грошай, чым у 2019-м годзе – 2,4 мільярда рублёў. Дырэктыўныя крэдыты – гэта калі дзяржава вызначае, якім прадпрыемствам і фізічным асобам даваць ільготныя пазыкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

Глядзі таксама