Назіральнікі паказалі, як фальсіфікуюць вынікі галасавання


Мінуў другі дзень датэрміновага галасавання. Першы пабіў рэкорды яўкі, другі – можа пабіць рэкорды скаргаў назіральнікаў на парушэнні выбарчага заканадаўства. Як камісіі прыпісваюць колькасць тых, хто прагаласаваў, ды відэадоказы таго, як укідваюцца бюлетэні.

Нарад міліцыі выклікаў Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду» на сталічны выбарчы ўчастак № 571:

«Паводле звестак назіральнікаў, на ўчастку № 571 у Менску за ўвесь дзень прыйшлі ды прагаласавалі толькі 11 чалавек. Паводле вывешаных пратаколаў камісіі лічба тых, што прагаласавалі, – 109. Гэта ў 10 разоў больш, чымся насамрэч. Тое, што цяпер адбываецца на выбарчым участку, – гэта наўпроставае Крымінальнае злачынства».

Арт. 427 КК – службовы падлог, і арт. 192 КК – парушэнне заканадаўства аб выбарах – закідваюць дзясяткам выбарчых камісіяў незалежныя назіральнікі. Пасля 571-га ўчастку Юрась Губарэвіч наведаў 107-ты, па якім вылучаўся, але ў кандыдаты не трапіў. Кажа:

«Яўка ў разы завышаная і тут. А пасля – будзе ўкідванне бюлетэняў, бо трэба, каб адпаведная колькасць бюлетэняў ляжала ў выбарчай скрыні. Сёння, калі я зазірнуў праз шчыліну ў скрыню – пабачыў там дзясятак бюлетэняў максімум. Яшчэ не паспелі гэтую сотню ўкінуць, але не сумнявайцеся – зробяць гэта».

Робяць гэта ўжо, і не рукамі чальцоў камісіі. Спробу ўкіду злавіў назіральнік на Берасцейскім-Усходнім участку № 37:

«Пакажыце, пакажыце, адкуль у вас столькі бюлетэняў у руцэ? Адкуль вы іх узялі? Вас будзе вельмі проста знайсці».

«Выйдзіце з участку калі ласка», – падказвае дзяўчыне голас адной з чальцоў камісіі.

Замест затрымаць выканаўцу дзеля разбіральніцтва, адная з чальцоў камісіі раіць ёй «выйсці». Такія выпадкі не дадаюць верагоднасці абвешчанаму Цэнтральнай выбарчай камісіяй рэкорду выбарніцкай яўкі ў першы дзень датэрміновага галасавання – 4,69 % па ўсёй краіне.

«Мне падаецца, што гэтак можна змахляваць».

«Станоўча стаўлюся, бо людзі не заўжды могуць прыйсці прагаласаваць у выходны дзень».

«Я не давяраю, таму што ўсе «дамоўлена» і вырашана заранёў», – гавораць жыхары Бабруйску.

Ашаламляльным называе аб’ём фальсіфікавання Вольга Беляўцова, назіральніца на сталічным участку № 17, які даў рэкордную яўку – 14 % у першы ж дзень:

«Два сябра выбарчай камісіі, якія працуюць на выбарчым участку, могуць прыняць 170 выбарнікаў. То бок 387 немагчыма прыняць фізічна».

Назіральніца ледзь дамаглася прыезду міліцыі, каб зарэгістраваць сваю заяву, але разбірацца міліцыя не стала:

«У нас няма паўнамоцтваў умешвацца ў выбарчы працэс».

Ведаючы, што ніхто не ўмяшаецца, здымаць вырашылі студэнты на сённяшнім сходзе аднаго з факультэтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Відэа даслалі на Радыё Свабода:

«Не дай бог мяне потым выклікаюць і пачнуць скланяць, што мая група не прагаласавала. Там усё адсочваецца жорстка: які пакой прыйшоў, які інтэрнат. Таму зрабіце ласку. Гэта не я прыдумала, паверце».

За пагрозы звальнення ці адлічэння і прымус да галасавання таксама прадугледжаная Крымінальная адказнасць: арт. 185 КК – прымус, арт. 191 КК – перашкода свабодзе абіраць. Галасаваць датэрмінова штовыбары змушаюць студэнтаў і працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Сёлета кіраўнік дзяржавы паўтараў прынамсі тройчы: «Гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў». Рэпетуюць таксама калі выбарнікі спяць.

Аляксандр Сілкоў, кампанія «Права выбару»:

«Чалавек можа прагаласаваць з аўторку да суботы, і тут узнікае адна вялікая праблема – неналежнае захоўванне скрыні да галасавання. І атрымліваецца наступнае. Уночы за ім глядзіць толькі міліцыянт, і доступ да яго можа мець хто заўгодна».

А сітуацыя на Менскім участку нумар 568 паказала, што рабіць сваё змогуць і ўдзень.

«Паводле нашых падлікаў прагаласавалі 13 асобаў. Пасля закрыцця ўчасткаў учора а 19 гадзіне вывесілі пратакол, паводле якога прагаласавалі 94 асобы», – распавядае Андрэй Рогаў, назіральнік, сябра партыі БНФ.

Пасля гэтага інтэрв’ю камісія пазбавіла Андрэя Рогава пасведчання назіральніка. У пратаколе пазначылі «замінаў дзейнасці камісіі».

Юлія Цяльпук belsat.eu