«Назбірае на палігоне металалому...» Падрабязнасці выбухаў на Берасцейшчыне


Пракуратура Берасця распачала крымінальную справу аб выбуху, які адбыўся напярэдадні ў гаражным кааператыве, паводле артыкулу «знішчэнне або пашкоджанне маёмасці з неасцярожнасці». Жыцці 3 параненых не пад пагрозай. У той жа дзень адбыўся яшчэ адзін выбух: узарваўся боепрыпас ля прыватнага дому ў Баранавічах.

Выбух у гаражах берасцейскага мікрараёну Задворцы адбыўся пасля 16-й гадзіны чацвярга. Дэтанацыяй разламала жалезабетонныя спаруды, пашкодзіла 5 аўтамабіляў. Потым аказалася, што параненыя 2 мужчыны і адна жанчына, якія былі на месцы здарэння. Цяпер яны ў шпіталі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Чуем хлапок агромны. У нас захісталіся дзверы. Выходзім на вуліцу, бачым: слуп дыму стаіць і лятаюць нейкія паперы незразумелыя. Потым пайшло полымя», – распавёў сведка здарэння Павел.

Агонь патушылі байцы Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, яны ж разабралі завалы. Цалкам разбураныя гаражы на плошчы 167 кв.м. Што канкрэтна так моцна ўзарвалася – высвятляе Следчы камітэт.

«Следчыя пры ўдзеле экспертаў-выбухатэхнікаў і пажаратэхнікаў Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў правялі агляд месца здарэння. Прызначаныя судова-медычныя і выбухова-тэхнічная экспертызы», – заявіў прадстаўнік Следчага камітэту Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк.

Суседзі па гаражным кааператыве адразу схіліліся да побытавай версіі здарэння:

«Напэўна парушалі тэхніку бяспекі ці яшчэ штосьці, не ведаю».

«Гаражы яны і ёсць гаражы. У гаражы мала хто і выконвае».

Але ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі і магчымасць выбуху снараду ці бомбы. На Берасцейшчыне пастаянна выкопваюць «рэха вайны». Вось толькі ад пачатку года:

1 студзеня – у Берасці на вуліцы Беларускай знайшлі міну «Вюрфгранат» Першай сусветнай вайны.

3 студзеня – у Берасцейскай крэпасці падчас рэстаўрацыі знайшлі савецкую гранату РГД-33.

5 студзеня – снарад у Івацэвіцкім раёне.

15 студзеня – міна на агародзе ў Ганцавіцкім раёне. У той жа дзень – цэлы арсенал у Пінскім раёне: 105 гранатаў, мінаў і снарадаў розных калібраў.

Да таго ж 16 студзеня – трагічны выпадак у Баранавічах. На вуліцы Лебядзінай на ўскрайку гораду выбухнуў снарад у прыватным двары. Пацярпеў пенсіянер – уладальнік падворку – і яшчэ 2 асобы. 40-гадоваму мужчыне, які проста зайшоў у госці, адарвала абедзве нагі.

«Наступіў адной нагой ці двума, і здэтанавала яму па нагах. Тут у яго (адзін беспрацоўны мужчына) акалачваўся, і яму трапіла», – распавёў сусед пацярпелага.

Усю ноч і раніцу на месцы выбуху побач са следчымі працавалі сапёры. Яны знайшлі яшчэ 2 снарады часоў Другой сусветнай вайны. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб незаконных дзеяннях адносна боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Суседзі распавялі, што ўладальнік падворку ездзіў на Абуз-Лясноўскі палігон за каштоўнымі металамі.

«Паедзе за грыбамі з прычэпам, і назбірае на палігоне металалому. Там яшчэ нейкія снарады ляжаць. (Міліцыянты) прыехалі іх правяраць», – кажа сусед.

Калі вы знайшлі боепрыпасы ваеннага часу, галоўнае правіла – не чапайце! Яны могуць узарвацца і без агню. Лепш патэлефанаваць у міліцыю ці вайсковую частку, каб выбухоўкаю заняліся сапёры.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Фота: brest.mchs.gov.by