Навошта Расея нарошчвае войскі ля беларускай мяжы?

Расейцы павялічваюць сваю вайсковую прысутнасць ля мяжы з Беларуссю. У прыватнасці, цягам года база ў Клінцах – 50 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю – павялічылася больш як у два разы. Супраць каго скіравана вастрыё расейскай арміі, і ці ёсць нам чаго асцерагацца?

«Ваенны ціск? Расейскія войскі на мяжы з Беларуссю». Артыкул з такім загалоўкам выйшаў у выданні «Новы час». Фармаванні маюць патэнцыял, каб весці гібрыдную вайну ва ўсходняй Беларусі, мяркуе следчы журналіст Дзяніс Івашын:

«Вядзецца пра стварэнне ўдарна-наступальнае лініі. Характэрна, што на працягу апошняга часу звыш 30 % асабовага складу гэтых падраздзяленняў – перадусім вядзецца пра роты і батальёны – ім нададзенае ганаровае найменне «ударнае».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

З 2016 года ўздоўж мяжы з Беларуссю расцягнулася мотастралковая дывізія. Гэта – танкавы полк у Ельні, за 100 кіламетраў ад нашай мяжы, а таксама два мотастралковыя палкі ля Клінцоў. Мястэчка ж месціцца ў своеасаблівым кліне і прыблізна роўнааддаленае як ад беларускай, гэтак і ўкраінскай мяжы.

«Гэта такое месца, якое не сведчыць аб нападзе на некага вызначанага, а проста дае магчымасць развіць наступ ці абараняцца з розных кірункаў магчымых. Але гэта не сведчыць, што гэта вайсковы ціск менавіта на Беларусь», – мяркуе вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок.

На падставе спадарожнікавых здымкаў у артыкуле «Новага часу» сцвярджаецца: сёлета плошчу базы ля Клінцоў павялічылі больш як у два разы.

«Расейская армія вынесла лекцыю з 2014 года, і з Дэбальцаўскае аперацыі, і з сірыйскай аперацыі. Зразумела, што асабісты склад нам перакідваць прасцей, чым перакідваць тэхніку. І таму ўздоўж мяжы фармуецца база захоўвання тэхнікі, куды можа быць перакінутая, скажам, мотастралковая брыгада з Далёкага Усходу», – мяркуе кандыдат паліталагічных навук Павел Лузін.

Расейскае Міністэрства абароны запэўнівае: усё – супраць NATO. Дзяніс Івашын жа звяртае ўвагу на тое, што 488-ты мотастралковы полк сфармаваны на базе 28-ай асобнай мотастралковай брыгады.

«Менавіта гэтая брыгада, паводле расследавання міжнароднай валанцёрскай супольнасці «Informnapalm», удзельнічала непасрэдна ў баявых дзеяннях на Данбасе. Апроч гэтага, таксама зафіксаваны іх удзел і на тэрыторыі Сірыі», – працягвае журналіст.

То бок падраздзяленне прызначанае акурат для выкарыстання па-за межамі Расеі. Але ці ёсць у Масквы прычына ўжыць яго супраць нашае краіны?

«Той фармат дачыненняў, які цяпер паміж Масквой і Менскам існуе, у цэлым Крэмль задавольвае. Крэмль не будзе задавольваць, калі Беларусь пачне праводзіць якія-небудзь істотныя палітычныя і эканамічныя рэформы», – зазначае Павел Лузін.

Дзяніс Івашын таксама зазначае, што, нягледзячы на прыярытэтнасць беларускага кірунку, разгорнутыя ля нашай мяжы войскі могуць быць скіраваныя і супраць Украіны. Такі сцэнар прадугледжвае магчымасць выкарыстаць тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу на нашую паўднёвую суседку.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама