Навошта па Берасці хадзілі энкавэдысты?


Не пераймаліся гэтымі днямі гістарычнаю праўдаю пра вайну ў Берасці. Маштабныя рэканструкцыі «апошняга мірнага дня» ды «пачатку вайны», мітынг-рэквіем і… ні слова пра тое, што вайна для мясцовых жыхароў па сутнасці ішла ўжо два гады.

Стрэлы па-над Бугам сёння гучалі з пятай раніцы – як і 77 гадоў таму. Між тым ваенна-гістарычная рэканструкцыя ў Берасцейскай крэпасці, прысвечаная пачатку Вялікай Айчыннай вайны, поўнае карціны драматычных падзеяў таго часу не дала, цвердзіць гісторык. І пагатоў сталася навязваннем чужое памяці пра 1941-шы год.

«Жыхары Берасця, Берасцейшчыны, Заходняй Беларусі, якія былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, зусім не гарэлі жаданнем ваяваць за Савецкую ўладу, за таварыша Сталіна. Для іх Савецкі Саюз – гэта была чужая дзяржава, якая прыйшла менш за два гады таму. І як толькі пачалася вайна, у самым Берасці фактычна пачалося стыхійнае антысавецкае паўстанне», – гісторык.

У інсцэнізацыі баёў, зарганізаваных пры падтрыманні мясцовых уладаў і Міністэрства абароны, узялі ўдзел больш за паўтысячы чалавек. Агулам жа рэканструктараў у Берасці сабралася ўтрая больш і ажно з 11-ці краінаў. Напярэдадні тут адбылася яшчэ адна інсцэнізацыя – «Заўтра была вайна». Імітуючы апошні мірны дзень, па цэнтры гораду хадзілі чырвонаармейцы ды энкавэдысты, ездзіла ваенная тэхніка.

«Для чаго гэта? Каб памяталі людзі. І на тэрыторыі Беларусі гэта, бадай, адзінае мерапрыемства не дзеля забаўляння гледачоў, а сапраўды каб памяталі», – кажа прадстаўніца аргкамітэту ваенна-гістарычнага клубу «Гарнізон».

Зрэшты, дзеля аднаўлення гістарычнае праўды бракавала не толькі згадвання таго, што вайна для Заходняй Беларусі пачалася на два гады раней – з нападу тагачасных хаўруснікаў Гітлера і Сталіна на Польшчу. Ані слова не было сказана і пра тое, што энкавэдысты, якія напярэдадні абароны ўмацавання шпацыравалі па горадзе, у нібыта мірны час катавалі і забівалі мясцовых жыхароў. Што цікава, як іхныя рэальныя прататыпы, гэтак і цяперашнія рэканструктары сёлета былі пераважна з Расеі – тут усё гістарычна.

«Знішчэннем займаліся спецыфічныя карныя органы. А мы, па сутнасці, тыя ж самыя ўнутраныя войскі, якія нясуць службу», – запэўнівае рэканструктар-«энкавэдыст» з Расеі.

Ну, канечне, хто ж прызнаецца ў сваіх злачынствах? Нашмат прасцей рэканструяваць чужы гістарычны міф. А вось несапраўдная памяць пра вайну ад паўтарэння трагедыі наўрад ці ўратуе.

Валера Руселік, «Белсат»