Навошта непрыкметнаму чыноўніку з Гарадзеі аўтаматы?


Рэдкі арсенал у кватэры ды гаражы сціплага беларускага чыноўніка. Уражвальнае відэа апублікавала Міністэрства ўнутраных справаў. Начальнік цеплаэлектрастанцыі Цукровага камбінату ў Гарадзеі Леанід Штэйн – небяспечны злачынца ці неасцярожны калекцыянер?

Кулямёт, 5 аўтаматаў, 10 вінтовак, 10 пісталетаў, гранаты, выбуховыя пакеты і каля 10-ці тысяч патронаў рознага калібру. Гэта далёка не поўны спіс зброі, якую, паводле МУС, захоўваў у кватэры ды сваім кабінеце непрыкметны чыноўнік.

Як высветлілі журналісты TUT.BY, уладальнік арсеналу – начальнік цеплаэлектрацэнтралі Гарадзейскага цукровага камбінату Леанід Штэйн.

Жыхароў Гарадзеі гэтая навіна шакавала:

«Пазаўчора я ўстаў і выйшаў на балкон паліць – едуць дзве легкавушкі, а ззаду – бус. А потым іду з крамы, а там усё разрытае».

«Чалавек заўсёды спакойны. Проста не верыцца ў гэта».

«Чалавека проста падставілі, а зараз на яго павесяць усё гэта. Кагосьці проста трэба прыкрыць, а чалавека закрыць».

«Я не веру, што ён мог нечым такім займацца».

«Вы ведаеце, цяпер усе памешаныя на тэрактах, усе ўсяго баяцца. І я не выключэнне».

Як паведамляе міліцыя, аўтамабіль жыхара Гарадзеі затрымалі 7-га верасня каля Гомля. У машыне знайшлі аўтамат Калашнікава, пісталеты Макарава і ТТ, а таксама патроны. Пасля гэтага на працы, у доме і гаражы Леаніда Штэйна правялі ператрус. Затрымалі таксама знаёмца чыноўніка.

На месцы працы затрыманне Штэйна не каментуюць. Гарадзейскі Цукровы камбінат, сакратар:

«Пастановы аб арышце, пастановы аб завядзенні крымінальнай справы я не бачыла, фактамі не валодаю. […] Я думаю, фактамі валодае толькі той орган, які непасрэдна правёў затрыманне».

Але ні Следчы камітэт Гомельскай вобласці, ні прэс-служба МУС на тэлефанаванні не адказалі.

Вінтоўкі Мосіна і «Маўзэр», дыскі ад кулямёта Дзегцярова і аўтамата ППШ часу Другое сусветнае, дробнакаліберныя стрэльбы, карабін «Сайга». Адмыслоўцы мяркуюць, што зброя на міліцэйскім відэа – гэта, хутчэй, арсенал чорнага археолага і калекцыянера, чым кілера.

«Ёсць фанаты проста. Яны збіраюць, хоць гэта караецца законам. А людзі альбо праз няведанне, альбо праз нешта яшчэ збіраюць гэтыя рэчы, калекцыянуюць, хоць гэта калекцыянаваннем не назавеш» – тлумачыць Аляксандр Воўк, працаўнік збройнай крамы.

Іншую гучную крымінальную справу, звязаную з незаконным абаротам зброі, распачалі ў Беларусі ўсяго месяц таму. Загадчык збройнага складу адной з частак каля Баранавічаў больш за год выносіў пісталеты і аўтаматы і прадаваў іх. Аднак у Гарадзею магла трапіць зброя зусім не з Беларусі. Каментуе Зміцер Міцкевіч, «Belarus Security Blog»:

«Магчыма, гэтая зброя не толькі з беларускіх вайсковых частак. А можа быць, яна ўвогуле не з беларускага войска. Таму што ў Расеі гэта ўсё набыць можна. Ва Украіне таксама ёсць канкрэтныя цэннікі на тое, колькі каштуе тая ці іншая адзінка зброі, той ці іншы боепрыпас».

Гомельскі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу – незаконны абарот зброі. Пакаранне за гэтае злачынства – 7 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: сайт mvd.gov.by