Беларусь гатовая прадставіць найлепшыя ўмовы для бізнесу. Швейцарскага. Такую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў, сустракаючыся з шэфам швейцарскай дыпламатыі. Аднак пакуль статыстыка сведчыць, што нашая краіна толькі губляе замежных інвестараў. Чаго сапраўды хоча кіраўнік краіны ад швейцарцаў, якія гэтак не любяць выдаваць банкаўскую таямніцу?
З краіны гораў, гадзіннікаў, шакаладу і банкаў. Старшыня федэральнага дэпартаменту замежных справаў Швейцарыі Ігнац’ё Кассіс упершыню афіцыйна наведвае Менск:
«Сёння зранку ў мяне быў сняданак са швейцарцамі, якія жывуць у Беларусі. (…) І ўсе яны ў адзін голас хвалілі, высока ацэньвалі тое развіццё, дынаміку, якая назіраецца ў Беларусі».
Ігнацʼё Кассіс запрасіў Лукашэнку наведаць матч чэмпіянату свету па хакеі ў Швейцарыі і выказаў спадзеў, што Беларусь пойдзе шляхам дэмакратызацыі ды адменіць смяротнае пакаранне.
«Часта калі гавораць пра Беларусь, гавораць, што гэта ўсходняя Швейцарыя», – заявіў Лукашэнка і дадаў: самае галоўнае – гэта эканоміка.
«Мы гатовыя, і такія прыклады ёсць, даць швейцарскаму бізнесу найвыгаднейшыя ўмовы для інвеставання».
Летась за студзень-верасень у рэйтынгу наўпроставых інвестыцыяў Швейцарыя раздзяліла з Нямеччынаю чацвёртае месца. Пазіцыя ўражвае. А вось лічбы – не зусім, гаворыць эканаміст, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:
«Швейцарскіх інвестыцыяў у Беларусі няма. 41 мільён – гэта, як кажуць, напарсткі для дзяцей. Швейцарыя, якая мае трыльён долараў, якая зʼяўляецца там, па сутнасці, сталіцай банкаў усяго свету, дзе там грошай шмат ёсць і супертэхналогіяў».
Гаворачы ж аб прыкладзе, Лукашэнка, найверагодней, меў на ўвазе завод «Stadler» у Фаніпалі. Яраслаў Раманчук нагадвае – прадпрыемства прадукуе вагоны на дзяржаўныя замовы, а гэта далёка не столь магчымасцяў інавацыйнай Швейцарыі. У цэлым у 2019 годзе ўлады правалілі свой жа план замежных інвестыцыяў. Замест запланаванага $ 1,6 млрд долараў атрымалі крыху больш за $ 1,2 млрд. Падзенне ў параўнанні з 2018 на 20,5 %.
Але недапрацоўванне па леташніх інвестыцыях – не адзіная дрэнная навіна. Мінэканомікі прызнала: у першым квартале валавы ўнутраны прадукт працягне падаць. Раней меркавалі, што падзенне скончыцца ў лютым. Як вынік…
«Асабліва верагоднае зніжэнне прыбыткаў у рэальным выражэнні, то бок у параўнанні з інфляцыяй. Але чакаць нейкага рэзкага абвалу, што мы станем беднымі жабракамі, я б таксама не стаў», – каментуе Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».
Усё праз нявызначанасць з расейскаю нафтай. Пра расейскі ўплыў сёння выказаўся і Уладзімір Макей, які разам са сваім калегам Ігнацʼё Кассісам адкрываў амбасаду Швейцарыі:
«На жаль, нельга ўзяць Беларусь і Швейцарыю ды перанесці ў нейкае іншае, больш камфортнае месца. Мы застанемся там, дзе мы ёсць».
Пытанне, які эканамічны сэнс быў у візіце кіраўніка швейцарскай дыпламатыі. Яраслаў Раманчук кажа:
«Швейцарыя вельмі знаная ўва ўсім свеце праз тое, што яна ніколі не выдае банкаўскай таямніцы. Я баюся, што менавіта гэта можа быць зацікаўленасцю беларускага боку, як нейкія грошы туды перавесці».
Каб прыцягваць замежныя інвестыцыі, на думку эканаміста, Беларусь сапраўды павінная стаць падобная да Швейцарыі – прававою дзяржавай з палітычнаю і эканамічнаю свабодай.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»