Навошта Крэмль перакрыў «Дружбу»?


Расейская нафта ўжо трэці дзень не паступае на айчынныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы! А як вынік гэткага становішча – Беларусь спыніла продаж усіх відаў паліва за мяжу. Навошта Крэмль перакрыў трубаправод, і да якіх наступстваў прывядзе нафтавы канфлікт?

Бензін, газ і дызельнае паліва забаранілі экспартаваць «для забеспячэння патрэбаў народнай гаспадаркі». Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы не атрымліваюць расейскай нафты з пачатку года. Паводле розных ацэнак, запасаў сыравіны ім хопіць на 10-20 дзён.

«Калі Расея без папярэджання спыніла пастаўкі нафты, мы таксама можам зрабіць гэта з транзітам нафты праз трубу. Проста можна будзе на некаторы час забраць гэтую нафту, тым больш, што кампенсацыі за падатковы манеўр мы яшчэ не атрымалі», – лічыць кіраўнік Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

66 мільёнаў тон нафты, або 40 адсоткаў расейскага экспарту ў ЕЗ штогод транспартуе беларускі ўчастак нафтаправоду «Дружба». Перамовы пра цану на чорнае золата, аплату за транзіт, а таксама пра кампенсацыю Беларусі расейскага падатковага манеўру ішлі да навагодняга вечара, але вынікаў не прынеслі.

«Менск баіцца страціць частку свайго суверэнітэту і той эканамічнай інтэграцыі, на якой настойвае Масква. Таму я б сказала, што адсутнасць пагаднення, гэты канфлікт – больш сур’ёзны, чым тое, што мы бачылі ў папярэднія гады», – падкрэслівае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў BISS Кацярына Шмаціна.

Гэта прынамсі шосты нафтавы канфлікт за 20 гадоў расейска-беларускага сяброўства. Два гады таму ў адказ на нявыплату даўгоў за газ Масква скараціла пастаўкі нафты на траціну. Цалкам «Дружбу» Крэмль перакрываў толькі ў студзені 2007-га, калі Масква абурылася ўведзенымі Менскам транзітнымі аплатамі.

Дамовы аб інтэграцыі з Расеяй, якія Лукашэнка падпісаў у канцы 1990-х, далі Менску права набываць нафту паводле ільготных цэнаў. Вось толькі памер ільготы дзве краіны вызначаюць у жорсткіх перамовах. Таннай нафты не будзе, пакуль Беларусь не ўніфікуе законаў з расейскімі ў 30 сферах – заявіў нядаўна расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў.

Калі Менск прыме расейскае заканадаўства, у тым ліку падатковы кодэкс, то правілы, па якіх працуе эканоміка, будуць пісаць у Крамлі. Гэта – страта суверэнітэту.

Калі Менск не пагодзіцца на інтэграцыю, а Масква павысіць цэны нафты да сусветных, то Беларусь страціць да 5 адсоткаў валавога прадукту.

Ёсць і трэці варыянт: Лукашэнка і Пуцін знаходзяць кампраміс, але чорнае золата для Беларусі даражэе, як гэта было падчас усіх папярэдніх канфліктаў. Да гэтага варыянту схіляецца і аналітык BISS Кацярына Шмаціна:

«А таксама ў Беларусі зʼявіліся сурʼёзныя стымулы шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты», – зазначае яна.

Нафта – гэта звычайны тавар, і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы прыстасуюцца набываць яго за сусветныя, а не палітычныя кошты – мяркуе Яраслаў Раманчук:

«Мы 6 мільёнаў тон нафты для ўнутранага карыстання можам лёгка знайсці пры дапамозе Украіны: Польшчы, іншых партнёраў. Калі ёсць тэхналагічныя магчымасці, іх трэба выкарыстоўваць. І яшчэ адна парада нашаму ўраду: нам проста трэба звярнуцца ў міжнародны арбітраж».

Пастаўляць нафту ў Беларусь сёння запрапанавала Латвія. А на час вядзення расейска-беларускіх перамоваў нафту нашай краіне будуць прадаваць расейскія недзяржаўныя кампаніі.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: Saverkin Alexander / TASS / Forum