Навошта інтэграцыя патрэбная Крамлю?


6 дзён засталося да сустрэчы, на якой Масква і Менск узгодняць «дарожныя мапы» па паглыбленні інтэграцыі. Як бачыць новае аб’яднанне Крэмль, і ці жадаюць яго самі расейцы?

Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнуцца ў пятніцу ў Сочы, заявіла прэс-служба беларускага ўраду. Мэта – узгадніць «дарожныя мапы» для паглыблення беларуска-расейскай інтэграцыі. А сам інтэграцыйны план Лукашэнка і Пуцін маюць падпісаць 8 снежня.

«Гэта можа быць нават дэкларатыўны дакумент, вельмі агульны, які трэба паказаць публіцы, маўляў, мы працуем у гэтым кірунку», – каментуе аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

8 снежня – не выпадковая дата. У гэты дзень 20 гадоў таму Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якой Менск і Масква так і не выканалі. Сёння перамога на полі інтэграцыі дадала б Крамлю сілаў, каб зрэалізаваць і іншыя амбіцыі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«9-га снежня ў Парыжы адбудуцца перамовы ў фармаце «Нармандскай чацвёркі» аб сітуацыі на ўсходзе Украіны. І там Масква чакае, што зможа дасягнуць нейкіх пазітыўных для сябе вынікаў», – тлумачыць аналітык лонданскай кампаніі «IHS Markit» Аляксандр Какшараў.

20 гадоў таму Беларусь і Расея дамовіліся стварыць супольную канстытуцыю, валюту, суд і парламент, разам весці дыпламатыю, эканамічную палітыку і абараняцца. Уладзімір Пуцін нават прапанаваў на 2004 год прызначыць выбары супольнага прэзідэнта. Адной з прычынаў рэанімацыі саюзнай дамовы, на думку Аляксандра Какшарава, можа быць гэтак званая праблема 2024 года.

«Гэта той час, калі цяперашні тэрмін Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзідэнта Расеі заканчваецца, і зразумела, яны ўжо думаюць над тым, як яго працягнуць», – мяркуе Аляксандр Какшараў.

Толькі 35 адсоткаў расейцаў жадаюць, каб Беларусь і Расея сталі адной дзяржавай, паведамлялі ў красавіку сацыёлагі з Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання. Ці варта настолькі абʼядноўвацца?

«А мы што, жывём асобна?»

«Брацкія краіны. Вярнуцца б у СССР!»

«Чым дружней, тым лепш! Калі б усе рэспублікі арганізаваліся, было б добра! Мне так падаецца, хоць Лукашэнка хітры такі, але малайчына – ён для сваёй рэспублікі ўсё робіць. Гэта мне падабаецца, аднак крыўдзіць Пуціна».

«Мы можам сыходзіцца, разыходзіцца, аднак дзве краіны павінныя быць розныя!» – такія адказы далі нам жыхары Масквы.

Інтэграцыя будзе не палітычная, а эканамічная – адпіраецца Менск, аднак самога плану інтэграцыі не публікуе. Пра перамовы са спасылкай на ўласныя крыніцы распавядае толькі расейская газета «Коммерсантъ». Паводле яе, Масква дабіваецца супольнага падатковага кодэксу, увядзення Менскам эмбарга супраць еўрапейскіх харчоў, аб’яднання мытняў і супольнай энергетычнай палітыкі.

«Калі ёсць інтэграцыя эканамічная, то яе паўнавартаснае функцыянаванне немагчымае без палітычнай інтэграцыі – перадачы часткі суверэнітэту да наднацыянальных органаў», – кажа аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

Ніякай інтэграцыі без кампенсацыі падатковага манеўру – ужо неаднойчы заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Аднак ці гатовая Масква кампенсаваць Менску амаль шэсць мільярдаў долараў – менавіта столькі, паводле падлікаў Белнафтахіму, ён страціць да 2025 года праз павышэнне цэнаў расейскай нафты.

«Штогод запыты з боку Беларусі вырастаюць, і Масква цяпер не мае такіх фінансавых сродкаў і магчымасцяў, каб далей падтрымліваць тую эканамічную мадэль, якую Лукашэнка пабудаваў», – мяркуе маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Анансаваных дакументаў 8 снежня Аляксандр Лукашэнка можа і не падпісаць, не выключае Дзмітрый Балкунец. Але, на ягоную думку, Масква мае дастаткова цярплівасці ды рычагоў, каб змусіць Менск да жаданай Крамлём інтэграцыі.

Аляксандр Папко belsat.eu