Навошта беларусы клікалі мароз на Раство?


Сцюжа ў Раство – вялікая радасць. Нашыя продкі адмыслова клікалі мароз на першую, посную куццю, перад пачаткам святочнай вячэры. Традыцыя дасюль захоўваецца ў розных рэгіёнах Беларусі, а выводзіцца яшчэ з часу паганства.

Яніна Грыневіч, фалькларыстка НАН Беларусі: «Меркавалася, што мароз павінен прыйсці цяпер, каб не памарозіць будучы ўраджай».

І мароз у Раство прыйдзе, хоць і не такі моцны, як раней прагназавалі сіноптыкі. Тэмпература пачне зніжацца ўвечары да мінус 11-ці градусаў. За ноч упадзе да 16-ці. Але гэта не перашкода для вернікаў.

Вернікі:

«Нам нястрашны мароз. Нам важнае Раство Хрыстова. З надыходам свята вас!»

«Марозу, думаю, не будзе, а калі і будзе, то гэта зусім не страшна для гэтых абставінаў».

«А сёння вельмі вялікае свята. Таму ўсе павінныя прыйсці, і пажадана, каб на начной службе таксама ўсе былі».

Найбольш уразлівыя ў мароз – дзеці і людзі сталага веку. Пры тэмпературы ніжэй за 10 градусаў сталым людзям лепш не быць на дварэ даўжэй за гадзіну, малым – не больш за паўгадзіны. Ратаўнікі МНС раяць пакінуць удома металічныя ўпрыгожанні, не выходзіць на двор з мокрымі валасамі. У мароз лепш адмовіцца ад алкаголю і цыгарэтаў. Памятайма, што мокрыя шкарпэткі, цесны абутак – падстава для абмарожвання. Вопратка мусіць быць камфортная прасторная, у некалькі слаёў. Шапкі, пальчаткі і рукавіцы – абавязковыя.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»