Навальны задаволены мітынгамі супраць уладаў


Антыўрадавыя пратэсты супраць палітыкі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і на знак салідарнасці з закратаваным апазіцыянерам Аляксеем Навальным пракаціліся па Расеі.

Больш за тысячу пратэстоўцаў, ня згодных з палітыкай прэзідэнта Расеі, сабралася напярэдадні на Марсавым Полі ў Санкт-Пецярбурзе – за свабоду сходаў, супраць цэнзуры і карупцыі.

Мітынгоўцы трымалі транспаранты «Навальны 2018», па-свойму віншавалі Уладзіміра Пуціна з народзінамі, скандуючы: «Чацвёрты тэрмін – турэмны».

Я хачу, каб наша краіна, наш народ заслужыў дэмакратыю. А не каб нам уціралі дзіч, што ў нас 17 гадоў нязменны прэзідэнт, – кажа журналістам пратэстовец.

Бліжэй да вечара мітынгоўцы скіраваліся да Неўскага праспекту. Дарогу пратэстоўцам перагарадзіла паліцыя, якая пачала жорсткія затрыманні. Адной жанчыне раскрывавілі галаву.

У Санкт-Пецярбурзе памерла жанчына. Улады: «Вінаватыя пратэстоўцы»

Следчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу «Забойства праз неасцярожнасць». Следчыя сцвярджаюць, што хуткая дапамога не паспела дабрацца да 55-гадовай мясцовай жыхаркі праз блакаванне Неўскага праспекту. Дактары кажуць – заміналі пратэстоўцы.

Тым часам, расейскія журналісты ўжо сцвярджаюць – мітынг ніяк не мог перашкодзіць хуткай даехаць на выклік, бо калона маніфестантаў была спыненая паліцыяй далёка ад Неўскага праспекту.

Яны адказваюць, яны парушаюць закон, мы нічога не ведаем. Ніякіх рэальных падставаў яны не даюць, – заяўляе апазіцыйны актывіст Анатолій Свечнікаў.

У выніку затрыманняў ва ўсёй краіне, у аўтазаках апынулася 290 чалавек. У расейскай сталіцы дзённая акцыя прайшла надзвычай спакойна – паліцыянты нават расступіліся перад калонай пратэстоўцаў. У той жа час, праваахоўнікі жорстка затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку няпоўнагадовых, якія спрабавалі застацца на начны пратэст ля сценаў Крамля.

Апазіцыянер Аляксей Навальны, які цяпер застаецца пад адміністратыўным арыштам за заклік да несанкцыянаваных пратэстаў, у размове з журналістам тэлеканалу «Дождж» зазначыў, што задаволены маніфестацыямі, з увагі на тое, што яны былі арганізаваныя на хуткую руку.

Чакаецца, што новых хваляванняў можна спадзявацца ў снежні 2017 года падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Расеі. Фактычна Аляксей Навальны ўжо пачаў агітацыю, хоць фармальна ён не можа быць зарэгістраваным праз крымінальную судзімасць – аўтара рэзанансных антыкарупцыйных расследаванняў вызналі вінаватым у крадзяжы дзяржаўнай маёмасці.

Вітаўт Сіўчык; фота вокладкі – Антон Ваганаў/Reuters