«Навальны-2018»: Расейскі апазіцыянер распачаў перадвыбарчую кампанію


Галоўны расейскі змагар з карупцыяй Аляксей Навальны распачаў сваю перадвыбарчую кампанію ў Санкт-Пецярбурзе.

Менавіта там адкрыўся ягоны першы перадвыбарчы штаб. Апазіцыйны палітык плануе адкрыць яшчэ 75 штабоў па ўсёй краіне. Ці дапусціць Крэмль да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах кандыдата, які распавядае пра хабарніцтва і крадзяжы на самым высокім узроўні?

Першыя поціскі рук у якасці патэнцыйнага кандыдата ў першым перадвыбарчым штабе. Менавіта ў Санкт-Пецярбурзе апазіцыйны палітык Аляксей Навальны распачынае свой шлях на прэзідэнцкіх выбарах, што маюць прайсці ў сакавіку наступнага года. Заснавальнік фонду барацьбы з карупцыяй у сваёй праграме абяцае перадусім змагацца з прадажнасцю ўладаў.

«У мяне няма сумневаў, што Крэмль паспрабуе спачатку не пусціць мяне на выбары. Потым, калі мы зможам дамагчыся рэгістрацыі, яны паспрабуюць фальсіфікаваць выбары. Я ўсё ведаю пра палітычную сістэму Расеі. Тым не менш, я раблю тое, што мусіць рабіць нармальна адказны палітык», – кажа Аляксей Навальны.

На адкрыццё штабу прыйшло некалькі соцень валанцёраў. Змясціліся не ўсе.

«Калі існуе хоць нейкі шанец змяніць і зрабіць нашую прававую сістэму больш уцямнай, нармальнай і проста цывілізаванай, то я, пакуль ёсць сілы, зраблю ўсё, каб паспрабаваць гэта зрабіць», – кажа адна з валанцёрак.

Акрамя валанцёраў да штабу прыйшлі і некалькі пікетоўцаў «Антымайдану», якія заклікалі да зняволення палітыка.

Аляксей Навальны прыехаў у Санкт-Пецярбург, скарыстаўшыся перапынкам у паўторным судовым працэсе ў справе «Кіраўлесу». Хоць у 2013 годзе Навальны ўжо быў асуджаны ў гэтай справе на 3,5 гады ўмоўна, у 2016 годзе працэс быў адноўлены. Адмыслоўцы і сам Аляксей Навальны неаднаразова называлі гэты пераслед палітычна матываваным.

«Палітычная матываванасць гэтай правы відавочная. У матэрыялах справы, у абвінаваўчым заключэнні, у прысудзе, на кожнай старонцы згадваецца нанясенне шкоды, несувымернасць коштаў, але нідзе няма доказаў», – адзначаў раней Навальны.

Калі кіраўскі суд праз тры дні прызнае яго вінаватым, то на гэтым удзел у перадвыбарчай гонцы можа закончыцца. Хоць сам лідар расейскай апазіцыі не раз сцвярджаў, што прысуд не спыніць ягонай перадвыбарчай кампаніі.

Чытайце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu