«Нацыянальная валюта – апошняе, што ў нас засталося». 26-годдзе беларускага рубля


Ад зайчыкаў да сучасных банкнотаў і манет. Роўна 26 гадоў таму ў Беларусі спынілі выкарыстанне савецкіх грошай. На рашэнне Нацыянальнага банку ў абарачэнне быў уведзены разліковы білет – беларускі рубель. Пра аблічча нашае валюты і яе значэнне для незалежнасці краіны – Галіна Абакунчык.

Вавёркі, рысі, ласі ды іншыя звяры, а ўсе разам – зайчыкі. Гэтак у народзе называлі першыя беларускія грошы, якія роўна 26 гадоў таму прыйшлі на змену савецкім рублям. Але ці была б Беларусь незалежнай краінай без гэтых зайчыкаў?

Найбольш кпінаў выпала не на долю зайца або зуброў, а вавёркі, якая змяшчалася на банкноце 50 капеек: з усяго свету толькі ў Беларусі капейкі былі папяровыя. Але ўласныя грошы ў той час ратавалі краіну ад расейскай інфляцыі, кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Юрась Беленькі:

«Расейцы прыязджалі сюды з мяхамі грошай і ўсё тут скуплівалі – вось такая сітуацыя была на той момант, калі паказаць яе на пальцах. Плюс была вялікая глеба для карупцыі».

Як прыгадвае былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, Расея ціснула на тагачасны ўрад Беларусі. Мэтай жа гэтага ціску было зацвердзіць адзіную валюту і эмісійны цэнтр у Маскве.

«Нельга было здаваць суверэнітэт Беларусі. Нацыянальны банк не ўваходзіў у склад ураду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Таму тое, што я не даў згоды на тыя ўмовы аб’яднання грашовай і банкаўскай сістэмаў, якіх патрабавала Масква, прывяло да захавання беларускай нацыянальнай валюты», – узгадвае Станіслаў Багданкевіч, тагачасны старшыня Нацыянальнага банку.

«Калі абралі новага прэзідэнта, то надрукавалі новую сапраўдную валюту з «Пагоняй», партрэтамі нашых пісьменнікаў. Але прайшоў рэферэндум, і гэтую валюту ў руках ніхто так і не патрымаў», – кажа Алег Трусаў, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Цяпер, калі Масква зацята нагадвае Менску пра інтэграцыю ў межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы, з Крамля зноў гучаць галасы пра адзіную валюту дзвюх краінаў. Ці хацелі б гэтага беларусы? Пра гэта пытаемся на вуліцах Менску:

«Я патрыёт сваёй радзімы і думаю, што ў кожнай краіны мусіць быць свая валюта. Таму беларускаму рублю сёння я давяраю».

«Мне больш падабаецца беларускі рубель. У нас ёсць пэўная стабільнасць. А расейскі рубель – ён скача, ад кошту на нафту залежыць».

«Хацелася б, каб ён быў больш незалежны і дужэй скакаў, гэты зайчык. Не магу сказаць, што я яму гэтак ужо моцна давяраю. Хацелася б давяраць больш, чым цяпер, але адчуваю да яго любоў, калі можна так сказаць».

Адзіная валюта можа стаць апошнім крокам да страты Беларуссю суверэнітэту, гаворыць Юрась Беленькі:

«На сённяшні дзень у Беларусі пасля таго, як страцілі сваю энергетычную, вайсковую самастойнасць, а эканоміка ў моцна залежным стане ад Расеі, нацыянальная валюта і рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы – гэта апошняе, што ў нас засталося. Калі гэта аддаць – усё, мы тады не гаспадары на гэтай зямлі».

Мінула тры гады, як у Беларусі пачалі хадзіць новыя грошы. Гэта здарылася пасля дэнамінацыі. Цяпер упершыню ў нас з’явіліся свае капейкі – не папяровыя, як калісьці, а металічныя.

Галіна Абакунчык, belsat.eu