Нацбанк узмацняе рубель


Шэсцьсот мільёнаў долараў – на такую суму сёлета зменшыліся валютныя ўклады ў банках Беларусі. Зменшыць валютныя дэпазіты і павялічыць уклады ў беларускіх рублях мае на мэце і Нацыянальны банк краіны. Аднак і пры росце беларускіх дэпазітаў, грамадзяне больш давяраюць замежнай валюце.

Менш валюты і больш беларускіх рублёў – такую задачу паставіў і рэалізоўвае Нацыянальны банк Беларусі. Аднак шараговыя спажыўцы беларускаму рублю давяраюць значна менш.

Курс на змяншэнне валютных дэпазітаў Нацыянальны банк узяў яшчэ тры гады таму. Галоўная мэта – зменшыць уплыў замежнага капіталу на фінансава-эканамічныя працэсы ў Беларусі. У выніку маем 12 адсоткаў гадавых для рублёвых і 2 адсоткі для валютных укладанняў. І сёлета беларусы зменшылі памер валютных дэпазітаў на 600 мільёнаў долараў, тады як рублёвыя павялічылі на 600 мільёнаў – але ўжо рублёў.

«Зніжэнне долі валютных дэпазітаў у банкаўскай сістэме – гэта мэтанакіраваная палітыка нашага Нацыянальнага банку, якую нядрэнна ўдаецца рэалізаваць», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары».

Калі пад канец 2015 года на валютных дэпазітах беларусаў налічвалася амаль восем мільярдаў долараў, то сёлета яны зменшыліся да шасці. Укладанні ж у беларускіх рублях за тры гады выраслі амаль на паўтара мільярда рублёў. Тым не менш, грамадзяне па-ранейшаму больш давяраюць долару і еўра:

«Замежнай давяраю. Чаму? Былі выпадкі ўжо, горкі досвед. Я думаю дастаткова, і не хачу больш трэнавацца – навучыўся з першага разу».

«Беларускі рубель дастаткова моцны цяпер, я думаю, можна яму давяраць».

«Я давяраю тым грошам, якія ў мяне ў кішэні. А ў кішэні ў мяне – беларускія рублі».

«Я не давяраю свайму беларускаму рублю, бо навучаная за сваё жыццё».

Пакуль не здарыцца дэвальвацыя, як тое было ў 2011 і 2014 гадах, перапампоўванне ўкладаў з валютных на рублёвыя дэпазіты будзе адбывацца і надалей, адзначаюць некаторыя эксперты. І нацыянальная валюта можа заставацца ўстойлівай нават пры слабой эканоміцы і не ўплываць на яе ўзмацненне.

«Эканоміка можа стагніраваць, эканоміка можа нават зніжацца, але гэты працэс не абавязкова будзе суправаджацца дэвальвацыяй – абвалам курсу нацыянальнай валюты», – каментуе Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары».

У сваю чаргу стабільнасць нацыянальнай валюты, адзначае Вадзім Іосуб, будзе залежаць у тым ліку і ад таго, ці стартуе чарговы раз друкарскі станок.

Галіна Абакунчык, belsat.eu