Аб'ектыў 20.06.2017 НАТО завяршыла вучэнні па абароне наземнага калідору ўздоўж польска-літоўскае мяжы


Больш за пяць тысяч вайскоўцаў з 10 краінаў НАТО ўзялі ўдзел у найбуйнейшых вайсковых вучэннях «Жалезны воўк 2017», якія праходзяць на тэрыторыі Літвы. Галоўная мэта манеўраў – павышэнне абароназдольнасці балтыйскіх краінаў і ў прыватнасці Сувальскага калідору.

Яшчэ напярэдадні, у Рызе генеральны сакратар НАТО заявіў, што баявая група Альянсу, якая на стала будзе знаходзіцца ў Латвіі складзе тысячу вайскоўцаў і бліжэйшым часам павялічвацца не будзе.

«Кожны мае права ладзіць вайсковы манеўры ды падтрымліваць сваю абарону. Але што важна, калі казаць пра вучэнні «Захад-2017», у якіх задзеяныя Беларусь і Расея, то мы заклікаем Расеі і Беларусь да празрыстасці. Гэта важна заўсёды, але асабліва ў цяперашні час, калі мы бачым вялікі ваенны кантынгент блізу межаў нашага рэгіёну», – заявіў генсек НАТО Енс Стольтэнберг.

На пытанне журналіста парталу «Дэлфі» ці могуць цяпер літоўцы і латышы спаць спакойна, міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус адказаў, што ўсё ідзе па плане, а менавіта, праз год пасля таго, як на саміце НАТО ў Варшаве было абвешчана аб пашырэнні Альянсу на ўсход, войскі НАТО сталі неадемнаю часткаю нацыянальнай абароны балтыйскіх краінаў.

«Тое што мы кажам пра планы абароны, то інтэгрыраванаю часткаю гэтых планаў з’яўляюцца сілы нашых саюзнікаў, у аснове Нямеччына, але таксама ёсць Нарвегія і іншыя краіны», – адзначае кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус.

Міністр Лінкявічус таксама адзначыў, што Вільня працягне дыялог як з Альянсам, так і наўпрост з ЗША ў пытанні супрацьпаветранай абароны, каб у перспектыве размесціць на сваёй тэрыторыі адпаведныя комплексы супрацьпаветранай абароны на сталай аснове.

Паралельна з вучэннямі ў Літве таксама маштабныя манеўры НАТО прайшлі ў Румыніі. Там былі задзейнічаныя каля 5 тысяч вайскоўцаў і 500 адзінак баявой тэхнікі.

«Гэтае практыкаванне пратэставала здольнасць усіх удзельнікаў даставіць аб’яднаную баявую сілу ў гэты рэгіён. НАТО даказала сваю рашучасць і згуртаванасць перад забеспячэннем калектыўнай абароны нашых чальцоў», – тлумачыць камандуючая сумеснымі вайсковымі сіламі Мішэль Говард.

Нягледзячы на тое, што ў часе выбарчай кампаніі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп крытыкаваў НАТО, цяпер у Вашынгтоне плануюць павялічыць вайсковы бюджэт на 2018 год на 4,6 адсотка, то бок на $ 574 млрд. Гэта толькі праект, які яшчэ будзе абмяркоўвацца ў Кангрэсе, але павелічэнне выдаткаў звязанае ў тым ліку і з неабходнасцю выконваць абавязкі па абароне саюзнікаў.

АН, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары