NATO не хоча мерацца з Расеяй ракетамі


Злучаныя Штаты сёння канчаткова выйшлі з дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасці. А Расея ўжо заявіла, што гатовыя размясціць свае ракеты значна бліжэй да тэрыторыі ЗША. Ці чакае нас новая халодная вайна па старым узоры і ці пагражае гэта бяспецы Беларусі?

2 лютага Злучаныя Штаты далі Расеі паўгода на тое, каб яна вярнулася да выканання Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці. Сёння тэрмін мінуў. ЗША афіцыйна выйшлі з дамовы. Рашэнне падтрымалі ўсе краіны NATO.

Матэрыял Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 жніўня

«Расея распрацоўвала гэтыя ракеты гадамі. У Еўропе няма новых ракетаў ЗША і NATO, але ёсць усё больш і больш новых расейскіх ракетаў», – зазначыў сёння Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO.

Пагадненне дзеяла 31 год, з таго часу, як прэзідэнт ЗША Роналд Рэйган і генеральны сактарар Кампартыі Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў дамовіліся аб знішчэнні ракетаў наземнага базавання далёкасцю ад пяцісот да пяці з паловай тысяч кіламетраў.

«Гэта мае вельмі вялікае значэнне хаця б таму, што падлётны час для міжкантынентальнай балістычнай ракеты – гэта недзе сем хвілінаў, а падлётны час для такой самай балістычнай ракеты малой ці сярэдняй далёкасці – гэта літаральна паўтары-дзве хвіліны», – тлумачыць кіраўнік «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў.

Паводле ЗША і блоку НАТО, Расея зламала дамову, размясціўшы ракеты 9М729. Для прыкладу, маючы такую ракету ў Калінінградзе, расейцы могуць вокамгненна знішчыць любую еўрапейскую сталіцу. У Маскве заявілі, што гэтыя ракеты ніколі не выпрабоўваліся на адлегласць, забароненую дамовай. Замест таго, каб зліквідаваць або мадыфікаваць ракеты, як таго патрабаваў Вашынгтон, Расея сама выйшла з дамовы ў ліпені. А ў Маскве загаварылі пра размяшчэнне такіх ракетаў, якіх, паводле самой Расеі, у іх яшчэ няма, бліжэй да ЗША – нібыта ў адказ на дзеянні Амерыкі.

«Расея будзе вымушаная размясціць ракеты ў еўрапейскай частцы для таго, каб нейтралізаваць амерыканскія ракеты, і нацэліць свае ракеты на тыя тэрыторыі, дзе яны будуць знаходзіцца, перадусім, еўрапейскія дзяржавы, якія ўваходзяць у НАТО», – кажа вайсковы аглядальнік ТАСС Віктар Літоўкін.

Вось толькі ў НАТО сцвярджаюць, што планаў размяшчаць такія ракеты ў Еўропе няма.

«Мы не хочам новае гонкі ўзбраенняў. Мы не маем намеру распрацоўваць новыя ракеты наземнага базавання ў Еўропе. НАТО працягне шукаць канструктыўныя адносіны з Расеяй там, дзе дзеянні Расеі робяць гэта магчымым», – казаў сёння Енс Стольтэнбэрг.

Пытанне, ці не захоча Расея ў новым вітку супрацьстаяння з Захадам выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для размяшчэння ракетаў сярэдняй і малой далёкасці.

«Мы нічога не можам выключаць у дадзеным выпадку, але на сённяшні дзень прынамсі не назіраюцца прыкметы таго, што гэтае пытанне прапрацоўваецца ў практычнай плоскасці», – гаворыць Андрэй Паротнікаў.

«У Беларусі няма сэнсу размяшчаць такія ракеты, таму што ракеты з далёкасцю пяці з паловай тысяч кіламетраў выдатна дастаюць да любой краіны Еўропы і да амерыканскіх базаў з тэрыторыі Расеі», – адзначае Віктар Літоўкін.

Андрэй Паротнікаў нагадвае: дакумент аб ліквідацыі ракетаў падпісваўся паміж ЗША і СССР, таму фармальна, Беларусь разам з Украінаю ды Казахстанам дагэтуль застаюцца ўдзельнікамі дамовы. Нягледзячы на сваё адрачэнне ад ядравае зброі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»