NATO і Еўразвяз асудзілі турэцкую аперацыю ў Сірыі


Турэцкая аперацыя ў Сірыі выклікала занепакоенасць міжнароднай супольнасці. Рада бяспекі ААН зладзіла паводле сітуацыі адмысловую сустрэчу. Яе ініцыявалі Францыя, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Бельгія, Польшча.

Знайсці «Крыніцу міру» лідар Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган вырашыў шляхам вайны і ўльтыматуму:

«Гэй, Еўрапейскі Звяз, вазьмі сябе ў рукі. Я паўтараю гэта зноў. Калі вы паспрабуеце пазначыць гэтую аперацыю як уварванне, гэта вельмі проста, мы адчынім вароты і адправім тры і шэсць мільёна ўцекачоў да вас!»

Напярэдадні ўвечары турэцкая армія разам са змагарамі сірыйскай арміі пачала наземны наступ у межах другога этапу аперацыі «Крыніца міру». Анкара хоча стварыць на поўначы Сірыі зоны бяспекі, больш як за 40 кіламетраў ад паўднёвых межаў Турэччыны.

Правамернасць аперацыі на тэрыторыі Сірыі Эрдаган абгрунтаваў падпісаным 20 гадоў таму пагадненнем паміж турэцкімі ды сірыйскімі ўладамі:

«Паводле гэтай дамовы, калі рэжым не прымае захадаў супраць Працоўнай партыі Курдыстану, то нашыя вайскоўцы маюць права пераследу тэрарыстаў».

Турэцкую аперацыю асудзілі некаторыя суседнія краіны, а таксама NATO і Еўразвяз.

«Гэтая ваенная акцыя не прыводзіць да добрых вынікаў, і мы павінныя давесці гэта да нашых турэцкіх сяброў», – кажа кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

Сваю заклапочанасць падзеямі ў Сірыі выказала і МЗС Беларусі, заклікаўшы бакі канфлікту прытрымлівацца дамоваў, дасягнутых у межах Астанінскага працэсу. Уладзімір Пуцін яшчэ 8 кастрычніка заклікаў Эрдагана «старанна падумаць» перад наступам у Сірыі. Пасля пачатку аперацыі Крэмль устрымліваецца ад каментароў.

«Выступіць з крытыкай Эрдагана Масква не можа. Таму што Эрдаган ёсць важным партнёрам на Блізкім Усходзе. Ён стаў адным з асноўных пакупнікоў расейскай зброі. Сярод іншага – сістэмы ППА С-400. Ужо ідзе гаворка аб набыцці знішчальнікаў СУ-35 ці СУ-57. Гэта знішчальнікі пятага пакалення. Планы вялікія, і забітыя курды – не тая тэма, што можа пасварыць спадара Пуціна з Эрдаганам» – распавёў вайсковы эксперт з Масквы Аляксандр Гольц.

Не перашкаджаюць турэцкай аперацыі і Злучаныя Штаты, якія афіцыйна застаюцца хаўруснікамі сірыйскіх курдаў. Але ў Вашынгтоне ўжо кажуць аб санкцыях у дачыненні фінансавых актываў прэзідэнта Турэччыны ў ЗША. Таксама ў Белым доме зняпраўджваюць, што пагадзіліся на аперацыю, вывеўшы свае войскі з паўночнай Сірыі. Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэёў кажа:

«Гэта проста хлусня. Злучаныя Штаты не далі Турцыі зялёнага святла. Мы і надалей будзем у стане рабіць тое, што нам патрэбна, каб засцерагчы амерыканскі народ ад гэтай пагрозы».

У выніку начной аперацыі, паводле звестак турэцкіх уладаў, пацярпеў 181 аб’ект курдскіх фармаванняў. Тэлеканал «Аль-Джазійра» паведамляе – наземным турэцкім сілам удалося ўзяць пад кантроль некалькі вёсак. У выніку атакі, паводле розных звестак, загінулі ад 5 да 8 мірных жыхароў.

Ян Вярбіцкі, Дзяніс Шпігаў belsat.eu