НАТА рыхтуе ва Украіне плацдарм для супрацьдзеяння Расеі


Больш за 10 тысяч вайскоўцаў і паўтары тысячы адзінак тэхнікі ўжо першага кастрычніка аб’яднаюцца дзеля вучэнняў АДКБ у Сярэдняй Азіі «Баявое брацтва – 2018». Гэта падстава для гонару, але ёсць падставы і для занепакоенасці – развіццё стасункаў Украіны з НАТА. Засцярогі выказаў расейскі генерал-палкоўнік, начальнік аб’яднанага штабу АДКБ.

Анатоль Сідараў, кіраўнік аб’яднага штабу АДКБ, заявіў:

«Толькі ЗША ў наступным годзе мяркуюць вылучыць на ваенную дапамогу, уключаючы пастаўкі смяротных узбраенняў, каля $ 250 млн. У канчатковым выніку ствараюцца ўмовы для выкарыстання Украіны ў якасці аднаго з асноўных гэтак званых партнёраў у супрацьдзеянні Расеі ды яе саюзнікам».

Для Расеі гэтакая антыўкраінская рыторыка ўжо даўно стала нормаю, ды косткай у горле – для яе саюзнікаў з АДКБ. Дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі каментуе:

«Расея спрабуе навязваць свой парадак дня, патрабаваць салідарызацыі з пазіцыяй Расеі на міжнароднай арэне, асабліва ў кантэксце расейска-ўкраінскага канфлікту ці расейскай аперацыі ў Сірыі. Але таксама мы бачым, што гэтыя спробы застаюцца безвыніковымі».

Афіцыйны Менск стараецца максімальна дыстанцыявацца ад расейскай агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні Украіны. Гэтакі падыход тлумачыцца ў тым ліку і палітычным фактарам, адзначаюць эксперты: кіраўніцтва Беларусі разлічвае на ўкраінскую дапамогу ў нармалізацыі адносінаў з Захадам, і ў першую чаргу – са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Разам з тым Украіна – важны гандлёвы партнёр нашай краіны.

Валер Карбалевіч, палітолаг, тлумачыць:

«Ваенна-прамысловыя комплексы дзвюх краінаў супрацоўнічаюць – камплектуючыя пастаўляюцца ў адзін і ў другі бок. Беларусь пастаўляе ва Украіну тавары падвойнага прызначэння: тыя самыя нафтапрадукты, якімі і вайскоўцы карыстаюцца, тыя самыя МАЗы».

Паводле адмыслоўцаў, часта пры дапамозе жорсткай афіцыйнай рыторыкі Расея імкнецца пагоршыць беларуска-ўкраінскія стасункі: з аднаго боку, стварыць для Украіны вобраз Беларусі як небяспечнага суседа, з другога – згуляць на боязі беларускага кіраўніцтва падвышэння ваеннай напружанасці ў рэгіёне нібыта з віны НАТА. Беларускі ўдзел у АДКБ дае яшчэ больш падставаў для гэткіх гульняў Расеі. Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, дадае:

«Для Расеі АДКБ – гэта перш за ўсё механізм умацавання двухбаковых стасункаў з краінамі-ўдзельніцамі. І мы бачым, што вельмі вялікія праблемы ў гэтай арганізацыі з так званай калектыўнай дысцыплінай».

На меркаванне экспертаў, пазіцыю Беларусі ў захаванні нейтралітэту і недалучэнні да расейскіх ваенна-палітычных авантураў падтрымлівае і Казахстан – дзяржавы ўтварылі ў АДКБ пэўную кааліцыю з мэтаю стрымліваць расейскія звышагрэсіўныя памкненні.

Аднак падтрыманне гэткага балансу – справа не самая простая, асабліва з улікам усё большай напружанасці ў рэгіёне. Расейскія маштабныя вучэнні, магчымае размяшчэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы ды новыя заходнія санкцыі супраць Расеі таксама як мінімум не спрыяюць стабілізацыі сітуацыі.

Вось і атрымліваецца: з аднаго боку – расейская ваеншчына і абавязкі перад АДКБ, з другога – неабходнасць захоўваць прыязныя стасункі з Украінаю ды Захадам. Улады Беларусі стаяць перад дылемай, якая можа стаць яшчэ больш вострай – найбліжэйшым часам.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Mikhail Palinchak / Press Office of the President of Ukraine / TASS / FORUM