Настаўнікі трапляюць у небяспеку падчас штогадовага «хаджэння па дамах»


У Беларусі агульная базавая адукацыя – абавязковая. Таму каб кожнае дзіця было на ўліку і атрымала месца ў школе, штогод увосень настаўнікі праходзяць так званы ўсеабуч: настаўнікі мусяць абысці замацаваныя за імі жылыя раёны і сабраць інфармацыю аб непаўналетніх, што там пражываюць.

«Ён на нас з Лізай накінуўся, калі чакаў на першым паверсе, пакуль мы ўсе абыдзем. Ледзь вырваліся ад яго, вырваліся на вуліцу, уцякалі. Страшная сітуацыя», – распавядае былая настаўніца Наста Станкевіч.

Кожную восень настаўнікі мусяць абысці замацаваныя за імі жылыя раёны і сабраць усю інфармацыю аб непаўналетніх, што пражываюць там. Летась падчас гэтых візітаў на настаўніцу Насту Станкевіч напаў жыхар аднаго з дамоў, які яна абыходзіла:

«Ён наагул падумаў, што я цыганка. У мяне ніякіх дакументаў, нічога няма, падумаў, што я хачу яго абакрасці. Хоць я ішла і ўсім казала, што я прадстаўнік школы. Але словаў яму было недастаткова».

Сшытак і асадка. Вось дзве рэчы, з якімі настаўнік можа ісці ў чужыя кватэры. Ніякіх дакументаў, што пацвярджаюць пасаду і права збіраць інфармацыю, у педагогаў няма да сёння. Таццяна Калгіна наведвае навучэнцаў ужо 20 гадоў. Сёлета ёй выпала перапісваць непаўналетніх у прыватным сектары:

«Якія праблемы ўзнікаюць? Дзверы не ўсе адкрываюць, людзей няма. Таму мне давялося вешаць, вось я пісала на паперку «прашу патэлефанаваць па ўсеабучу» і свой тэлефон, і вешала на дзверы, брамкі. Людзей было не вельмі шмат, але ўсё роўна я знайшла зноў народжаных».

Нам давялося ўбачыць, як спадарыня Таццяна вымушаная хадзіць па дамах у прыватным сектары. А як рэагуюць менчукі на прыход незнаёмага настаўніка і спробу сабраць інфармацыю пра дзяцей, ці лічаць гэта нармальнай практыкай?

«Я лічу, што гэта не нармальная практыка. Лічу, што настаўнікі павінны займацца сваёй працаю».

«Я проста не пушчу ў кватэру, ды і ўсё».

«Нічога такога звышсакрэтнага і асабістага не спрабуюць высветліць, чаму не?»

Сабраную інфармацыю настаўнік аддае кіраўніцтву школы, і ўзнікае пытанне: куды перадаюцца гэтыя звесткі потым.

«Ёсць вельмі шмат спосабаў выкарыстання звестак, пра якія мы можам нават не здагадвацца. Так, іх могуць выкарыстоўваць у камерцыйных мэтах, дзеля таго, каб, не ведаю, перадаваць там кандыдатам у парламент ці яшчэ кудысьці», – распавядае юрыст Аляксей Казлюк.

Гэткая практыка засталася толькі ў постсавецкіх краінах, то бок, альтэрнатыва гэтаму абавязку настаўнікаў існуе, і неабходную інфармацыю магчыма атрымаць інакш. Юрыст Аляксей Казлюк каментуе:

«Сапраўды, хутчэй за ўсе гэта інфармацыя ёсць, але з-за таго, што абмен паміж дзяржаўнымі органамі не наладжаны, вось проста нейкія дзяржаўныя органы не могуць проста так яе ўзяць. Такім чынам, настаўнікі робяць проста падвойную працу, якая насамрэч ужо была кімсьці зробленая».

Асабістая неабароненасць і сумнеўная мэтазгоднасць гэткае працы прымушае настаўнікаў звальняцца са школы. Наста Станкевіч год таму гэтак і зрабіла.

«Дапусцім, я разумела, што такая можа скласціся сітуацыя і зноў давядзецца ісці на ўсеабуча, і ў мяне няма выбару, няма такога варыянту, што я магу не ісці туды. Усе туды ходзяць, і я мушу ісці. І са мной можа здарыцца ўсё што заўгодна».

Сёлета міністр адукацыі Карпенка сказаў, што ад гэтак званага ўсеабучу можна будзе адмовіцца, калі Беларусь пяройдзе на адзіны рэгістр насельніцтва. Але колькі яшчэ засталося чакаць, ён не ўдакладніў.

Алена Дубовік belsat.eu