Настаўнік Сяргей Альшэўскі: Сельскія дзеці адстаюць на 2 гады ад гарадскіх


24 студзеня сусветная супольнасць у другі раз будзе адзначаць Міжнародны дзень адукацыі, прызнаючы тым самым сілу ведаў і іх цэнтральную ролю ў забеспячэнні дабрабыту людзей і ўсёй планеты. Чым можа ганарыцца беларуская адукацыя, а што яшчэ важна паляпшаць?

Міжнародны дзень адукацыі абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН два гады таму. І асноўная мэта, пра якую ў гэты дзень згадвае Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, – забеспячэнне доступу да якаснай адукацыі кожнаму чалавеку.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У Лёшы, сына Юліі Даўжэнка, – аўтызм. Каб навучыць сваё дзіця жыць у грамадстве, проста магчы размаўляць з іншымі людзьмі, Юлія адкрыла дзіцячы цэнтр. Каб аддаць Лёшу ў агульнаадукацыйную школу, таксама давялося папрацаваць.

«Першапачаткова нам рэкамендавалі, што лепш бы гэта была спецшкола. Дзяцей з аўтызмам у школе не так шмат, але з кожным годам колькасць іх расце, адпаведна, адкрываюцца новыя класы. На той момант мы звярнуліся ў чэрвені, нічога не маглі прапанаваць, але дзетак падсабралася, прыйшлося адкрыць новы клас», – расказвае Юлія Даўжэнка.

Цяпер у Лёшы наладжаная сістэма навучання, а ў школе да хлопчыка ставяцца з разуменнем. Маці ўпэўненая: ім пашанцавала, бо ведае і іншыя гісторыі ад бацькоў, якія прыводзяць да яе ў цэнтр сваіх дзяцей з асаблівасцямі.

«Пачынаюцца канфлікты з іншымі бацькамі, якія не хочуць, каб нейкае складанае дзіця хадзіла ў дзіцячы садок з гэтым дзіцем. І ў школе такія ж праблемы. Ёсць, на жаль, такое, што нібыта і тʼютар добры, і дзіця нядрэннае, але настаўнікі не жадаюць займацца», – дзеліцца досведам Юлія.

Іншыя праблемы, якія ёсць у сістэме беларускай адукацыі, выявіла і міжнароднае даследаванне PISA. Беларусь упершыню прыняла ў ім удзел у 2018 годзе і, паводле апублікаваных летась вынікаў, заняла 36 месца з 80 краін-удзельніц. Даследаванне ацэньвала адукацыйныя дасягненні 15-гадовых.

«Сельскія дзеці адстаюць дзесьці на 2 гады ад гарадскіх. Значыць, разрыў сельскай адукацыі і гарадской існуе. Існуе разрыў паміж дзецьмі са шчасных сем’яў, дзяцей з семʼяў з вялікім дастаткам і невялікім дастаткам», – расказвае Сяргей Альшэўскі, настаўнік матэматыкі.

Магчыма, пэўных зменаў у айчыннай сістэме адукацыі варта пачынаць чакаць бліжэйшым часам. На гэтым тыдні Лукашэнка заявіў пра неабходнасць перагледзець адукацыйныя праграмы школаў ды ВНУ і палепшыць іх. Але ўжо і сёння можна з упэўненасцю казаць пра станоўчыя моманты ў сістэме беларускай адукацыі.

«Самы галоўны і пазітыўны момант у нашай адукацыі – гэта тое, што ў нас ёсць педагагічная эліта. Моцная, скансалідаваная, актыўная, разумная педагагічная эліта. Неабыякавыя людзі і адукары – гэта той хвост, які віхляе сабакам», – распавядае Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы.

Яшчэ адным плюсам сучаснай сістэмы адукацыі становяцца супольнасці неабыякавых бацькоў, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш.

Алена Дубовік belsat.eu