Нашая звычка браць крэдыт на ўсё раззлавала Нацбанк


На пачатак лета запазычанасць беларусаў перад банкамі склала амаль Br 4,8 млрд. Фота – Forum / Reuters

Жыццё ў пазыку – рэчаіснасць, актуальная не толькі для беларускай дзяржавы, але і для простых грамадзянаў. Беларусы ўсё больш завінавачваюцца за крэдыты. Згодна са статыстыкай, апублікаванай Нацбанкам, сёлета на 1 чэрвеня нашая агульная запазычанасць перад банкамі складала амаль Br 12,5 млрд.

Апытаныя намі жыхары Менску падыходзяць да пытання крэдытаў па-рознаму:

«Бралі крэдыт на мэблю і на рамонт кватэры».

«Зусім нядаўна – крэдыт на пакупку кватэры. Усё!»

«Ніколі не бралі ўвогуле. І не бярэм, і не будзем браць старацца! Ну бо гэта ж аддаваць потым».

«Бралі льготны крэдыт на будаўніцтва жытла, ну бо там умовы добрыя».

«На пральную машыну. Вельмі добра, вельмі зручна! Праць жа можна адразу пачынаць!»

«Ніколі ў жыцці! Ані на што! Ані разу! Праўду кажу! Клянуся!»

Што ж да тэмпаў росту запазычанасці, то толькі за травень яна павялічылася амаль на Br 191 млн, а за красавік – на няпоўныя Br 208 млн.

Рэпартаж Валерыя Руселіка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 чэрвеня

«Рост крэдытнай запазычанасці насельніцтва сведчыць, з аднаго боку, пра рост даходаў насельніцтва, то бок яно робіцца больш крэдытаздольнае. А з іншага боку, сведчыць пра тое, што насельніцтву ўсё-ткі не хапае грашовых сродкаў і яно вымушанае звяртацца да банкаў па крэдыты», – кажа эканаміст Сяргей Балыкін.

Сямімільнымі тэмпамі расце, сярод іншага, запазычанасць насельніцтва за спажывецкія крэдыты. На пачатак лета яна склала амаль Br 4,8 млрд.

«Банкі пачалі больш актыўна працаваць на спажывецкім рынку. Банкі пачалі прапаноўваць новыя прадукты, а насельніцтва на гэтыя прадукты вядзецца, імкнецца спажываць сёння, а плаціць заўтра. У некаторай ступені, гэта сведчыць пра фінансавую непісьменнасць людзей, таму што далёка не факт, што прыбыткі ў людзей будуць стабільныя і яны змогуць гэтыя крэдыты аддаваць», – працягвае Сяргей Балыкін.

У выпадку, калі тэмпы крэдытавання паскорацца, Нацбанк дапускае магчымасць зрабіць правілы выдачы спажывецкіх крэдытаў больш жорсткімі. Ці спыніць гэта беларусаў ад спакусы ўзяць пазыку? І ці наагул рэальна ў нашай краіне сёння пражыць без крэдыту?

Вось, што адказалі нам жыхары Менску:

«Браць крэдыт на вяселле – гэта дакладна не, гэта дурасць. А калі ёсць нейкія перспектывы на жытло або паляпшэнне жыллёвых умоваў, то, у прынцыпе, з інфляцыяй можа быць і разумна ўзяць гэты крэдыт».

«Цяжка. Узровень прыбыткаў не адпавядае патрэбам. Вельмі цяжка на дадзеную зарплату пражыць».

«Лепш сёння, у нашых умовах, жыць з крэдытамі! Таму што мы хочам жыць сёння, а не паслязаўтра!»

«Тэарэтычна, напэўна, можна. У мяне не атрымлівалася».

Летась Нацбанк ужо ўводзіў новыя правілы выдачы пазыкаў насельніцтву, каб стрымаць крэдытны бум. Аднак, як сведчыць апублікаваная цяпер статыстыка, тыя больш жорсткія захады не спрацавалі.

Валера Руселік, «Белсат», фота анонсу – Forum / Reuters