Аб'ектыў 10.12.2018 «Наша місія – дапамагаць людзям». Белсату – 11 гадоў!


«Белсат» дасягнуў 11-гадовага ўзросту! Крочым далей упэўнена, з новымі мэтамі, новымі тварамі ды праграмамі. Перашкоды нас толькі ўзмацняюць, а вы – нашыя гледачы – натхняеце на штодзённую працу.

Праз аўтарскую частку матэрыялу гледачы знаёмяцца з журналістам. Журналіст – знаёміць з праблемаю, і нясе за гэта адказнасць – ва ўсіх сэнсах…

«Людзі, якія глядзяць нашыя сюжэты, імкнуцца потым змяняць сітуацыю ў нашай краіне. Таксама расце давер да нас, і яго ўлады імкнуцца збіць», – кажа Вольга Чайчыц, журналистка «Белсату».

Таму ў якасці падарунку ад дзяржавы на 11-годзе «Белсату» Вольга Чайчыц атрымала чарговы штраф – 40 базавых велічыняў. На працягу года працаўнікоў тэлеканалу штрафавалі 103 разы. То бок кожны трэці дзень – найчасцей за працу без акрэдытацыі.

«Гэтая акалічнасць пагаршае жыццё нашых працаўнікоў, абцяжарвае бюджэт каналу. Штогод мы мусім плаціць дзясяткі тысяч еўраў такой даніны, прычым толькі за тое, што мы працуем, што нашыя журналісты хочуць працаваць», – распавядае Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка «Белсату».

Спробы атрымаць акрэдытацыю пераходзяць у наступны тэлевізійны год кампаніі, якая сёння святкуе… свае перамогі! Штодня «Белсат» стварае амаль 3 гадзіны жывога эфіру… На чале са Змітром Ягоравым!

«Белсат вельмі часта застаецца апошняю інстанцыяй, куды чалавек можа звярнуцца, калі яго крыўдзяць чыноўнікі, напрыклад. Ці ў нейкай складанай жыццёвай сітуацыі. Я перакананы, што адна з нашых місіяў – дапамагаць людзям», – дадае Зміцер Ягораў, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм.

І рабіць гэта праз новыя магчымасці – абяцае віцэ-дырэктар тэлебачання.

«У наступным годзе мы пераедзем у новую студыю, якая дасць нам магчымасць больш прывабна паказваць навінавы кантэнт, які мы штодзённа даем у эфір», – кажа Аляксей Дзікавіцкі, віцэ-дырэктар «Белсату».

Нашае дакументальнае кіно – высока ацэненае ў свеце. Нашыя праграмы – гэта таксама аналітыка і публіцыстыка, ток-шоу, падарожжы і гісторыя – на кожны густ.

«Я заўжды ўключаю 25-га сакавіка, бо гэта адзіны беларускамоўны канал, які паказвае, што адбываецца ў гэты дзень».

«Мне падабаецца цыкл «Белсат- гісторыя».

«У асноўным гэта навіны, калі не паспяваю паглядзець увечары – праглядаю зранку на канале ў YouTube».

Дзякуючы працы інтэрнэт-рэдакцыі. Гэта старонка, даступная на чатырох мовах: тэксты, відэа, жывы эфір, стрым-трансляцыі

«Мы нядаўна запусцілі нашае прыкладанне для смарт-ТБ для тэлевізараў з Андроідам ці тэлевізараў з Самсунгам. І таму Белсат цяпер ёсць фактычна паўсюль, нас можна злавіць у любой зручнай вам прыладзе», – распавядае Вольга Швед, менеджар у развіцці інтэрактыўных медыяў.

За сумленную працу аўтары наймацнейшых матэрыялаў года атрымалі ўзнагароды ў васьмі намінацыях. Андрэй Куціла за фільм «Стрыптыз і вайна». Каманда «Кожны з нас» за матэрыял пра шыльду ў гонар БНР. «ТрыЗуб» – Антось Цялежнікаў – за найлепшы рэпартаж года. Мірослава Цюновіча разам з камандай адзначылі за наш тэхнічны рост. А Алеся Залеўскага вылучылі як аўтара наймацнейшага інфармацыйнага матэрыялу года. Спецвыданне «ВОТ ТАК» трагедыі ў Кемерава, якое сабрала 8 мільёнаў праглядаў у сеціве.

«Гэта той выпадак, калі здаецца, што лепш бы гэтага спецвыдання не было, і ўзнагароды не было, таму што тая трагедыя, якая адбылася ў сакавіку, збянтэжыла ўсю Расею і, мяркую, увесь свет», – кажа Маша Макарава, журналістка, вядоўца «Вот так».

Лепш бы не было фактаў шэрага гандлю паміж дзяржпрадпрыемствамі і сепаратыстамі ДНР і ЛНР, за расследаванні якіх атрымалі ўзнагароды Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Тое самае датычыць шматлікіх матэрыялаў Вольгі Чайчыц – нашай «Тэлевізійнай асобы года», якая кажа «Усё робім правільна, дзякуй вам!»

…І дзякуй, што застаяцеся з намі!

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары