«Нас хочуць закарміць». Магілёўцаў дасталі крамы


Жыхароў трох магілёўскіх дамоў па праспекце Дзімітрава паставілі перад фактам: на вольнай пляцоўцы паміж іхнымі дамамі плануецца будаўніцтва гандлёвага аб’екту на 800 м². Абвестка з запрашэннем на грамадскае абмеркаванне архітэктурна-будаўнічай канцэпцыі тэрмінам з 17-га снежня да 10-га студзеня, напісаная дробным шрыфтам,

«Калі хацелі сапраўды абмеркаваць пытанне, павесілі б вялікую абвестку, каб гэта было бачна, насамрэч бачна. Як вешаюць рэкламныя абвесткі, каляровыя, на вялікай паперы. А тут – ціхенька. Усе прайшлі міма», – каментуе сітуацыю жыхарка дому Святлана Сюркіна.

Жыхары наваколля супраць

19-га снежня ў разгар працоўнага дня ў выканкаме прайшла прэзентацыя праекту, на якой прысутнічаў, паводле інфармацыі з таго ж выканкаму, адзін чалавек. У абсалютнай большасці жыхары навакольных з дамоў пра сустрэчу не ведалі, але што да ідэі зʼяўлення новай крамы настоеныя рашуча адмоўна.

«Вакол дамоў – шэраг прадуктовых крамаў і гандлёвыя цэнтры, напрыклад, крамы «Квартал» і «Еўраопт» – за 100 і 200 метраў адпаведна, ёсць і вялікія «Гіпа» ды «Март-ін». Людзі ж памятаюць першапачатковыя планы – пра дзіцячую пляцоўку ці прынамсі паркоўку, абедзве інвестыцыі невялікія, затое вельмі жыхарам патрэбныя», – даводзяць сваю праўду людзі.

Пляцоўка – самая кароткая і бяспечная дарога ў школу для дзяцей

Каб дамагчыся адмены інвестыцыі, жыхары пачалі збор подпісаў.

Подпісы пад дакументам з назваю «Пратэст» жыхары плануюць падаць у выканкам. Не пераконвае іх і абяцанне ад інвестара – сеткі «Санта Рытэйл», – які абяцае добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю. Зразумела, што каля новай крамы ні паркоўкі ці, тым болей, дзіцячай пляцоўкі не будзе – максімум, на які можна разлічваць, – газоны з шыльдаю «не для выгулу сабак» ці клумбы.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»