Беларускія гандбалісты зазналі паразу ад Нарвегіі


Гандбол

Нацыянальная мужчынская зборная краіны па гандболе зазнае першую паразу на групавым этапе чэмпіянату Еўропы, які прымае Харватыя. У сваім другім матчы калектыў Шаўцова амаль на роўных супрацьстаяў уладальнікам срэбных узнагародаў першынства свету – 2017, моцнай камандзе Нарвегіі, аднак у выніку беларусы саступілі 5 мячоў – 28:33.

Хакей

Сталічнае хакейнае «Юнацтва» трэці раз у сваёй гісторыі стала ўладальнікам Кантынентальнага кубка. Лёс гэтага трафею вызначаўся ў матчы мянчанаў супраць казахстанскага клубу «Намад». Дружына Міхаіла Захарава ўпэўнена правяла двубой і дабілася пераканальнай вікторыі, 5:2.

Тэніс

На тэнісных кортах Мельбурну стартаваў першы ў сёлетнім сезоне турнір серыі «Вялікага шлема» – адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, прызавыя якога складаюць $ 42,700 млн. Яго першае кола прадказальна пераадолеў Рафаэль Надаль.

Біятлон

Самы тытулаваны біятланіст у гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў, васьміразовы алімпійскі чэмпіён, дваццаціразовы чэмпіён свету нарвежац Уле Эйнар Б’ёрндален прапусціць галоўны спартовы форум чатырохгоддзя ў Пхёнгчхангу. Яго не ўлучылі ў склад нацыянальнай каманды Нарвегіі, бо Б’ёрндален не здолеў прайсці унутрыкамандных крытэрыяў адбору. Такім чынам, муж нашай Дар’і Домрачавай, легенда біятлону не возьме ўдзелу ў сваёй сёмай Алімпіядзе.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Antonio Bronic / Reuters / Forum