«Народная грамада» ушанавала 75-гадавіну заканчэння вайны ў Еўропе


8 траўня 1945 года быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны. Менавіта ў гэты дзень заканчэнне вайны народы Еўропы святкуюць ужо 75 гадоў.

Традыцыю еўрапейскага святкавання падтрымала партыя «Народная грамада», усклаўшы кветкі да брацкай магілы жаўнераў на Вайсковых могілках Менску.

«Тут ляжаць героі, якія загінулі пры вызваленні Менску, і мы прыходзім сюды ўжо дваццаць восьмы год. У мяне былі перапынкі – то «хімія», то турма, але мае калегі і паплечнікі гэтую традыцыю заўсёды трымалі», – паведаміў старшыня «Народнай Грамады» Мікалай Статкевіч.

На фармат акцыяў жалобы і памяці сёлета паўплывала пандэмія каронавіруса. Актывісты «Народнай грамады» прыйшлі да помніку ў медычных масках, захоўваючы бяспечную адлегласць.

«Мы баронімся, трымаемся адлегласці, але мы мусім шанаваць сваіх загіблых сваякоў і агулам усіх, хто ваяваў за радзіму ў той час. Мой дзедусь ваяваў са сваімі сёстрамі, і яны загінулі героямі, таму кветкі мы павінны ўскласці, як самае малое», – кажа адна з удзельніцаў помнай акцыі.

Тыя краіны, якія захавалі цывілізацыю і яе культывуюць, разумеюць сутнасць гэтай падзеі, таму і адзначаюць яе спакойна. Яны цэняць пакуты, смерць і раны людзей, якія прайшлі праз гарніла вайны», – кажа сябра «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі.

Удзельнікі акцыі памяці выказаліся і пра вайсковы парад, запланаваны на заўтра ў Менску.

«Абсалютна подла, я лічу. Бо ён найперш заражае каго? Тых, хто яму верыць. Альбо тых, хто яго слухаецца. На адзінаццаць тысячаў пабудавалі трыбуны, забаранілі маскі: людзі, што робіцца? Гнюсна і подла», – заявіў Мікалай Статкевіч.

У краінах Заходняй Еўропы памяць загінулых у Другой сусветнай вайне ўшанавалі не парадамі, а сціплым ускладаннем кветак.

Галіна Абакунчык, «Белсат»