Народнае ігнараванне: беларусы так і не заплацілі дармаедскага падатаку


Дэдлайн, які беларусаў не палохае. Пасля гарачага пратэставага ўік-энду прыйшоў апошні дзень для аплаты падатку за гэтак званае дармаедства. Дэкрэт абураныя грамадзяне называюць шызафрэніяй ды рабаваннем.

90 % «дармаедаў» нічога не сплацілі

На пачатак гэтага тыдня грошы пералічылі менш за 11 % грамадзянаў, якім падатковыя органы выслалі адпаведныя паведамленні. І разам з тым працягваюцца спробы данесці да ўладаў краіны народнае стаўленне да дэкрэту № 3. Пад петыцыяй за адмену дакументу, якую стварыў гомелец Віталь Юрчанка, падпісалася 61 000 чалавек. Ініцыятар звароту скіраваў сабраныя подпісы ў Адміністрацыю прэзідэнта.

«Падаткі людзі, вядома ж, мусяць плаціць, але, на жаль, ёсць людзі, якія згубілі на сённяшні дзень працу. Нехта з прадпрымальнікаў дайшоў да стадыі банкруцтва. То бок закон не прапрацаваны да такой ступені, каб людзі былі абароненыя сваёй жа дзяржаваю», – тлумачыць Віталь Юрчанка.

Будуць штрафаваць і садзіць у турмы?

У Міністэрстве падаткаў папярэджваюць, што за нявыплату збору прадугледжваецца штраф на суму Br 46-92 ды нават – адміністратыўны арышт. Пры гэтым штраф не вызваляе ад падатку.

Атрымаць штраф яшчэ да дэдлайну, прызначанага для аплаты збору, мог берасцеец Аляксандр Сахарук. Сёння над актывістам прафсаюзу РЭП распачаўся суд: мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце падчас збору подпісаў за адмену дэкрэту № 3. Пратакол міліцыянты склалі з парушэннямі, а таму разгляд справы перанеслі на 22-га лютага.

Пратэсты былі, пратэсты адбываюцца, пратэсты будуць

Пра тое, што дэкрэт зачапіў беларусаў за жывое, сведчаць не толькі шматлікія подпісы пад адмысловымі петыцыямі. Найбуйнейшая з 2010 года акцыя пратэсту адбылася ў Менску. З патрабаваннем адстаўкі кіраўніка краіны і ўраду ў мінулую пятніцу на Кастрычніцкую плошчу сталіцы выйшлі некалькі тысячаў разʼюшаных грамадзянаў. Кожны дзясяты беларус праглядзеў акцыю онлайн у сеціве.

Пратэст у Гомлі

Такіх масавых акцыяў горад над Сажом не бачыў з 90-х гадоў. Паводле розных падлікаў, на Марш недармаедаў у абласным цэнтры выйшлі больш за тры тысячы чалавек.

Народнае абурэнне, відавочна, не самае галоўнае, што цяпер хвалюе кіраўніка краіны. Акцыі пратэсту не перашкодзілі Аляксандру Лукашэнку адправіцца ў Сочы. Прычым на адпачынак. Як паведамілі ў Крамлі, Уладзімір Пуцін ні паездкі ў Сочы, ні сустрэчы з Лукашэнкам бліжэйшымі днямі не планаваў.

Віталь Бабін, «Белсат»