Нармальных заробкаў няма. Будзе новая «буча»


У Берасці мясцовыя ўлады чакаюць вулічных пратэстаў грамадзянаў, незадаволеных з дэкрэту №1 аб гэтак званым дармаедстве. Засталося менш за паўгода да моманту, калі з беспрацоўных пачнуць патрабаваць дадатковую аплату за камунальныя паслугі. Што збіраюцца рабіць чыноўнікі, каб беларусы не выходзілі на плошчы?

Хутка люты! А ў лютым пачнецца «буча«, бо напоўніцу набудзе моц Дэкрэт № 1 аб падвышанай аплаце паслуг для беспрацоўных працаздольных грамадзянаў. Пра гэта ў часе паседжання папярэдзіў сваіх калегаў кіраўнік Берасцейскага абласнога савету дэпутатаў Юрый Наркевіч. Узімку, паводле чыноўніка, не менш за 40 тысячаў беспрацоўных жыхароў Берасцейшчыны мусяць атрымаць лісты аб спагнанні сродкаў за іхнае ўтрыманне дзяржаваю.

«Людзям пачнуць прыходзіць гэтыя лісты, і яны зноўку выйдуць на плошчу. Зноўку зладзяць «бучу». Такую сітуацыю мы мусім упярэдзіць», – кажа кіраўнік Берасцейскага аблсавету дэпутатаў Юрый Наркевіч.

На прэзідыуме прадстаўнічай улады Берасцейскай вобласці чыноўнікі прызналі, што сфармаваныя адмысловыя камісіі для дапамогі ў занятасці робяць недастаткова. На Берасцейшчыне на 3800 зарэгістраваных беспрацоўных – 9 тысяч вакансіяў, але людзі чамусьці не спяшаюцца ісці на працу за 200–300 рублёў на месяц. Адсюль і пратэставыя настроі.

Жыхары Берасця:

«Калі будзем патрабаваць, дамагацца, то гэта штосьці і дасць. А калі будзем маўчаць, не ведаю… Але народ незадаволены».

«Права ёсць у кожнага чалавека супярэчыць чаму-кольвек».

«Калі б выйшлі мільёны людзей, магчыма, штосьці бы змянілася».

Менавіта масавыя пратэсты беларусаў, што прайшлі ў 2017-м і ў буйных, і ў маленькіх гарадах краіны, прымусілі ўлады замяніць скандальны Дэкрэт № 3 аб падатку на адсутнасць працы яго мякчэйшым варыянтам – цяперашнім Дэкрэтам № 1. Тады спецслужбы, міліцыя ды ідэолагі на прадпрыемствах займаліся паляваннем на самых актыўных пратэстоўцаў, тысячы грамадзянаў прайшлі праз затрыманні, арышты і пагрозы. А кіраўнік дзяржавы заявіў, што поўнай адмены дэкрэта № 3 быць не можа, і ягоныя падначаленыя ўсё роўна прымусяць працаваць тых, хто працы не мае. А гэта прыкладна траціна мільёна асобаў.

«Мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах мусяць мець усе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для рашэння гэтай праблемы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Хто дармаед і мусіць плаціць за камунальныя паслугі больш, вызначаць будуць адмысловыя камісіі. У якія трапляюць выключна прадстаўнікі ўладаў – з «Белай Русі«, БРСМу ды афіцыйных прафсаюзаў.

«Грамадзяне Беларусі маюць права на пратэсты. Калі сёння дзяржава не забяспечвае людзей заробкам, каб можна было заплаціць камуналку і не думаць, як пражыць заўтрашні дзень, людзі маюць на гэта права», – кажа старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Генадзь Фядыніч узначальвае прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці – арганізацыю, якая дапамагала рэпрэсаваным удзельнікам пратэстаў супраць дэкрэту № 3. У тым ліку фінансава. Цяпер Фядыніча і ягонага калегу Ігара Комліка судзяць нібыта за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры.

Праваабарончыя ж арганізацыі лічаць гэтую крымінальную справу палітычна матываванай – часткаю вялікай зачысткі супраць апазіцыі, прафсаюзаў і незалежнай прэсы. Каб не было каму дапамагаць людзям, калі пачнуцца новыя пратэсты супраць абноўленага дэкрэту.

Яраслаў Сцешык belsat.eu