Напад на Капітолій у ЗША. Якія наступствы для Беларусі?


У Злучаных Штатах пачалося крымінальнае расследаванне нападу на Капітолій, справакаванага Доналдам Трампам, які не хоча прызнаваць паразу на выбарах. Хаця сёння 45-ты прэзідэнт ЗША паабяцаў гладкую і бездакорную перадачу ўлады новай адміністрацыі. А як гэтыя падзеі паўплываюць на Беларусь?

Жарсці павінныя ўлегчыся, а спакой – адрадзіцца. З гэтымі словамі прэзідэнт ЗША Доналд Трамп звярнуўся да сваіх прыхільнікаў праз адноўлены акаўнт у «Твітэры»: «Кангрэс сертыфікаваў вынікі, і новая адміністрацыя прыйдзе да ўлады 20 студзеня. Я зараз засяроджуся на гладкім бездакорным перадаванні ўлады. Цяперашні момант патрабуе ацалення і прымірэння».

Трамп, які раней казаў, што ў яго скралі перамогу на выбарах, пасля закалотаў у Вашынгтоне прызнаў паразу і пагадзіўся мірна перадаць уладу Джо Байдэну. 6-га студзеня ягоныя прыхільнікі ўзялі штурмам будынак Капітолію. У сутыкненнях загінулі чатыры чалавекі, 14 паліцыянтаў атрымалі раненні.

Сумныя падзеі сталіся сапраўдным падарункам для Аляксандра Лукашэнкі, лічыць палітолаг Павел Усаў. На яго думку: «Фізічныя сутыкненні, гібель людзей будуць па максімуму выкарыстоўвацца тым жа Лукашэнкам, я пра Расею не кажу, дзеля ўласнай унутранай расправы з пратэстамі».

Лукашэнка сапраўды аператыўна адрэагаваў на падзеі ў Вашынгтоне: маўляў, хто б мог падумаць, што будуць штурмаваць цытадэль сусветнай дэмакратыі. А ўслед за гэтым заклікаў, цытата, «невялічкую кучку людзей, якая па выходных ходзіць па Менску, сабрацца ды супакоіцца».

«Я ж вас папярэджваў: дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэтага дапусціць. Таму я вас прашу толькі аб адным, каб вы мяне разумелі і не асуджалі адразу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта маніпуляцыі, запэўнівае палітолаг Павел Усаў. Аднак папярэджвае: чым больш новых крызісных і канфліктных падзеяў у свеце, тым менш увагі да Беларусі. «Тут мы пакінутыя самі на сябе. Беларусы павінны разумець, што зараз такая эпоха, такая сітуацыя, што свет дапамагае ад сілы два-тры тыдні. Пасля гэтага самі грамадствы павінны вырашаць свае праблемы».

Перад самым Новым годам Доналд Трамп падпісаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. У ім гаворыцца, што ЗША не прызнаюць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі свабоднымі ды справядлівымі, гучыць заклік правесці новыя выбары ды асуджаюцца жорсткія рэпрэсіі, незаконныя арышты і гвалт з боку сілавікоў у дачыненні мірных пратэстоўцаў. Акт дае права прэзідэнту ЗША ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Але гэта ўжо будзе прэрагатыва наступнага прэзідэнта, Джо Байдэна.

Ігар Станкевіч, belsat.eu