«Налёт страшны, смярдзіць гарэлым». Чаму Менск сталі ацяпляць мазутам?


Нафтагазавыя недамоўленасці з Расеяй наўпрост адбіваюцца на якасці жыцця беларусаў. Цяпер менская ЦЭЦ-4 выкарыстоўвае рэзервовае паліва – мазу, што імгненна заўважылі жыхары адразу некалькіх раёнаў сталіцы: у паветры стаіць хімічны пах, на машынах і падваконнях асядаюць пласты сажы. Ці ёсць пагроза здароўю менчукоў?

Менская 4-я цеплаэлектрацэнтраль. Яе працу апошнімі днямі заўважыў ледзь не ўвесь паўднёвы захад сталіцы: яшчэ зранку быў адчувальны едкі пах паленага. Як высветлілася, гэта мазут, які тут выкарыстоўваць з нядаўняга часу.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Паводле Менскэнерга, з 8 студзеня менская ЦЭЦ-4 стала працаваць на сумесі асноўнага паліва – прыроднага газу – і рэзервовага – мазуту. Незалежныя эксперты папярэджваюць пра ўжыванне мазуту з высокаю доляй серы.

«Такога ў прынцыпе даўно не было, і гэта небяспечная сітуацыя для грамадзянаў. Бо ўсё ж ружа вятроў з ТЭЦ ідзе на горад Менск. Больш чапляе раён Сухарава, але ў той жа час такое можа быць і ў цэнтры, і ўва ўсім горадзе», – тлумачыць Дзмітрый Кучук, старшыня партыі «Зялёныя».

Рэзкія змены ў якасці паветра жыхары паўднёва-заходніх раёнаў Менску заўважылі яшчэ на мінулым тыдні. Мясцовыя стварылі адмысловы тэлеграм-чат, дзе абменьваюцца інфармацыяй аб якасці паветра ў рэальным часе. На белых падваконнях мазутная сажа надзвычай добра бачная.

«Вокны страшныя ўсе, не адмываюцца. Сёння адмыслова пайшла памыць акно. Яно не адмываецца проста – налёт увогуле страшны. Ды і смярдзіць гарэлым. Я не ведаю, як людзі… Ну шмат скардзяцца».

«Два дні запар было, але гэта недзе дні тры-чатыры таму было, на мінулым тыдні».

«Вядома, непрыемна! А на здароўе што там, гэта ж таксама шкодзіць!»

«Быў такі страшны пах непрыемны. Нават у кватэры былі адчыненыя вокны і быў пах нават у доме! Я не ведаю, што гэта – вельмі страшная справа. Гэта ж здароўе дзяцей, нас!» – дзеляцца жыхары Сухарава.

Наступствы пераходу ЦЭЦ-4 на мазутнае паліва адчуваюцца не толькі ў паветры. У некаторых дамах у Сухараве на падваконнях – сапраўдная чорная сажа. А гэта ажно 9-ты паверх. Што ж тады асядае на зямлі?

Калі ў паветры заўважаецца характэрны рэзкі палены пах, то рэкамендуецца не адчыняць вокны і не выводзіць на двор дзяцей. Да таго ж не варта займацца фізічнымі практыкаваннямі на адкрытым паветры. А адмыслоўцы раяць дасылаць скаргі ў Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку Менгарвыканкаму – яны мусяць праводзіць правяранне якасці паветра.

Дзмітрый Кучук, старшыня партыі «Зялёныя», кажа:

«Беларускаму ўраду трэба разумець, што трэба плаціць за газ, ні ў якім разе не выкарыстоўваць мазуту. Шукаць іншыя крыніцы пастаўкі газу, можа быць, звадкаваны газ, запампоўваць яго ў сховішчы. Ёсць іншыя пастаўнікі, апроч Расеі, напрыклад, як зараз вязуць праз Клайпеду нарвежскую нафту, адпаведна, можна везці газ».

Штопраўда, пра газавую дыверсіфікацыю пакуль не чуваць. Дзейны кантракт паміж Беларуссю і «Газпромам» падпісаны да канца лютага.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu