Аб'ектыў 30.11.2018 Нафтавы манеўр Расеі ставіць «Белнафтахім» пад пагрозу разарэння


Восем мільярдаў долараў выдаткаў цягам шасці гадоў. Расейскія адмыслоўцы падлічылі, як моцна абцяжарыць Беларусь так званы нафтавы манеўр Масквы. Ударныя для нафтаперапрацоўчай галіны і для бюджэту лічбы адчуе кожны з нас.

Па капейчыне на тыдзень… расце кошт на паліва. Такая стратэгія ўжо «улілася» у жыццё аўтаўладальнікаў:

«Раней, на пачатку года плаціў 25 рублёў за 20 літраў. Цяпер – ужо больш за 30. Ну дзе ж?»

«Гэта адбіваецца на бюджэце сямейным вельмі адчувальна».

«Усе ж разумеюць – сёння капейка, заўтра капейка, і яны давядуць не вядома да чаго – кашмар!»

«Белнафтахім» просіць сваіх кліентаў быць удзячнымі. Маўляў канцэрн стрымлівае рост коштаў на карысць аўтамабілістаў. Бо нафта сёлета расла ў цане значна хутчэй, чым паліва.

А ўжо налета «Белнафтахіму» давядзецца абараняць уласны лёс. Праз расейскі падатковы манеўр кошт нафты для Беларусі ўжо налета вырасце больш чым на 20 долараў за тону. Гэта азначае уздаражэнне на 360 мільёнаў долараў.

«Спажывец таксама мусіць адчуваць змены ў пастаўках сыравіны, інакш пагоршыцца фінансавы стан заводаў, і яны не змогуць падтрымліваць неабходны аб’ём вытворчасці нафтапрадуктаў і іх якасць, выконваць праграму развіцця», – тлумачыць Уладзімір Сізоў, намеснік кіраўніка «Белнафтахіму».

Большасць нафтапрадуктаў канцэрн прадае ва Украіну і Еўразвяз. Калі пачнем губляць на мытах, у канкурэнцыі прайграем Расеі. У выніку – скарачэнне валютнага прыбытку ў казну.

«Топленіку ўсё роўна колькі над ім вады. У нас дастаткова іншых праблем, з якімі не спраўляецца бюджэт, таму адною больш, адною менш…» – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

У бліжэйшыя 6 гадоў Расея знізіць з 30 адсоткаў да нуля экспартнае мыта на нафту. Набываючы расейскую сыравіну, Менск гэтага мыта Маскве не вяртае, а кладзе ва ўласны бюджэт пры вывазе нафтапрадуктаў за межы ЕАЭС. Расейскія адмыслоўцы падлічылі, што манеўр будзе каштаваць Беларусі 8 мільярдаў долараў.

«Лукашэнку не ўдалося гэты падатковы манеўр адкласці ў адносінах Беларусі, і пайшлі зноў размовы, што губляць прыйдзецца», – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Кіраўнікі айчыннай нафтаперапрацоўчай галіны і дзяжслужбоўцы патрабуюць ад Масквы кампенсацыі бюджэтных стратаў. Формулу дабрабыту ў нафтавым пытанні Крэмль ведае.

«Неабходны аптымальны кошт і для вытворцы, і для спажыўца. Каля $ 70 за барэль нас цалкам задавальняе», – патлумачыў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін.

Паступова ісці да сусветных коштаў на чорнае золата сярод краінаў-чальцоў Еўразійскай Эканамічнай Супольнасці, ці не галоўная мэты нафтавага манеўру. Кампраміс у кампенсацыі стратаў аднак будзе – супакойваюць расейскія адмыслоўцы.

«Я асабіста сачу за гэтай сітуацыяй і схіляюся да таго, што гэтае кампенсаванне будзе не чыста ў фінансавым варыянце, а ў варыянце павелічэння паставак нафты і нейкай іх рэгуляцыі, то бок у натуральным выражэнні», – каментуе Аляксей Громскі, Антоніеўскі экспертны клуб.

Нафтавыя перамовы могуць зацягнуцца, як гэта было на самым пачатку падатковага манеўру Крамля ў 2015 годзе. Таму Менск не чакае – праграму зніжэння экспартных мытаў распачынае ў першы дзень новага года. Чакай пераменаў.

«За палівам можа распачацца падаражэнне і іншых рэчаў», – кажа аўтаўладальнік з Берасця.

Але паступова. Працэс падатковых зменаў будзе доўжыцца да 2025 года. Страты бюджэту пасля яго завяршэння Мінфін ацэньвае больш чым у чатыры мільярды рублёў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары