Нафтавая «Дружба» Менску і Варшавы


Польскія нафтагазавыя кампаніі не толькі дапамагаюць наладзіць пастаўкі амерыканскай нафты ў Беларусь, але і хочуць увайсці на беларускі рынак, як суўласнікі перапрацоўчага заводу ў Мазыры. Гэткую магчымасць абмяркоўваюць у экспертнай супольнасці польскай энергетыкі.

Пандэмія прыходзіць і сыходзіць, а бізнес рабіць трэба. Польскі нафтавы канцэрн «Orlen» ужо два гады працуе над сяброўскім паглынаннем групы кампаніяў «Lotos». Калі працэс скончыцца, ва ўзмоцненага «Орлену» будзе магчымасць і нават неабходнасць пашырацца на суседнія рынкі, у тым ліку на Усход – такі аналітычны артыкул апублікаваў сёння ўплывовы партал biznesalert.pl. Аўтар – старэйшы аналітык «First Data Polska S.AМатэўш Цабак – мяркуе, што з Мазыра палякам будзе прасцей павялічваць пастаўкі паліва ва Украіну.

«Улады Беларусі, у залежнасці ад эканамічнай сітуацыі, час ад часу выказваюць жаданне прадаць іх долю ў Мазырскім і Наваполацкім НПЗ. Аказіяй для злучаных «Орлену» і «Лотасу» будзе далейшая аквізіцыя (закуп акцыяў), у тым ліку акцыяў Мазырскага перапрацоўчага заводу, для якога Беларусь шукае альтэрнатыўных крыніцаў дастаўкі сыравіны, між іншага з выкарыстаннем гданьскага «Нафтапорту», саўласнікі якога – «Орлен» і «Лотас», – піша Матэўш Цабак.

Улады Беларусі могуць прадаць да чвэрці акцыяў МНПЗ палякам, калі справа не абмяжуецца канкурэнцыяй за ўкраінскі рынак, а выйдзе на ўзровень стратэгічнай супрацы, мяркуе эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

«Апроч дывідэндаў, асноўны прыбытак застаецца на тэрыторыі Беларусі. І калі ёсць акцыянеры з дзяржаваў Еўразвязу, гэта, сярод іншага, ураўнаважвае ўплыў РФ. Бо 25 % Мазырскага НПЗ належыць «Лукойлу», – нагадвае Тышкевіч.

На пачатку года Расея перакрывала пастаўкі нафты трубаправодам «Дружба» у Беларусь, наўпрост звязваючы новы кантракт з саступкамі Менску ў эканамічнай інтэграцыі. Сёння дзяржканцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што экспарт паліва за першы квартал упаў больш чым напалову – на 55,8%. Пастаўкі вярнуліся, калі ўлады Беларусі пачалі купляць нафту праз Клайпеду і Адэсу і будаваць перамычкі між Мазыром і Наваполацкам, каб яшчэ менш залежаць ад расейскай нафты. І вось супраца з Польшчай – гэта магчымасць купляць сыравіну праз тую ж «Дружбу», але рэверсам, з захаду на ўсход.

«Палітычна сам гэты фактар і магчымасць нарасціць прапампоўванне нафты з альтэрнатыўных крыніцаў – гэта вельмі добрыя козыры для Беларусі незалежна ад таго, хто будзе прэзідэнтам, у агрэсіўным дыялогу з РФ«, – тлумачыць Ігар Тышкевіч.

У Беларусь з разгрузкай у літоўскай Клайпедзе плыве першы танкер са Злучаных Штатаў. Пакуль на 80 тысячаў тон, каб праверыць лагістыку. Польская кампанія-пасярэднік UNIMOT заяўляе пра цалкам канкурэнтны кошт. Пастаўкі трубой праз Гданьск могуць зрабіць амерыканскую нафту для Беларусі яшчэ таннейшай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: mnpz.by