Нафта Шродынгера: Расея ўзнавіла экспарт нафты – Беларусь нічога не атрымала


Зміцер Міцкевіч: Эксперыментам Шродынгера можна апісаць мноства пытанняў беларуска-расейскай супрацы. Фота – «Белсат»

Эпапея са шкоднай расейскаю нафтай, якая сапсавала дарагое абсталяванне ў Мазыры, працягваецца. Сёння пастаўкі праз нафтаправод «Дружба» ў Беларусь былі ўвогуле спыненыя, адновяцца паслязаўтра. У чым прычына плыні высока хлараванай нафты і што яна прынясе нам у будучыні, высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Беларусь цалкам спыніла прыём нафты з Расеі. Аднаўлення транзіту чакаюць 2 траўня пасля выціскання няякаснай нафты, аб’ём якой у трубаправодах Беларусі, Расеі, Украіны і Польшчы складае прыблізна пяць мільёнаў тон.

«Хутчэй за ўсё, аднаўленне даверу беларускімі вытворцамі будзе весціся яшчэ цягам шмат якіх месяцаў. Аднак што датычыць стратаў фінансавых, то беспасярэдне цяпер ужо ясна: недаатрыманы прыбытак ад 100 да $ 150 млн», – кажа сябра эканамічнага дыскусійнага клубу Генадзь Рабцаў.

Відэарэпартаж «Нафта Шродынгера» глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 красавіка

Паводле расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева, цяпер шукаюць вінаватых у псаванні, якіх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Раней расейскі бок заяўляў пра наўмыснае псаванне нафты, што пайшла на экспарт. Аднак на перамовы аб падатковым манеўры, паводле Мядзведзева, інцыдэнт ніяк не паўплывае.

«Магчыма, тут ужо пачалі адбівацца амерыканскія санкцыі, бо яны тычацца нафтавай прамысловасці. А для таго, каб здабываць нафту не ў вельмі спрыяльных умовах, трэба вельмі высакаякасныя тэхналогіі, сучасныя. А магчыма, калі амерыканцы ўвялі санкцыі, у Расеі з гэтым выявіліся пэўныя праблемы», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Што рабіць з вялізнаю колькасцю няякаснай нафты, ці залічаць яе ў агульны аб’ём паставак Беларусі з Расеі, а таксама, ці будзе нейкая кампенсацыя за прастой і псаванне дарагога абсталявання Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, пакуль невядома.

«Ці не прасцей б Беларусі займацца дыверсіфікацыяй паставак гэтай важнай стратэгічнай сыравіны і выкарыстоўваць у тым ліку той маршрут, які быў апрабаваны некалькі гадоў таму ў межах паставак той жа венесуэльскай нафты праз трубаправод Адэса–Броды», – дадае Рабцаў.

Выкарыстанне гэтага маршруту мусіць загрузіць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які цяпер зазнае не найлепшы час. Летась прыбытак прадпрыемства знізіўся ў 40 разоў, а заробкі на МНПЗ і «Нафтане» зменшыліся ледзь не на траціну.

Улады Беларусі заяўляюць, што сітуацыю ўратуе мадэрнізацыя МНПЗ і «Нафтану», якая будзе каштаваць прыблізна $ 2,5 млрд. Таксама час ад часу ўзнікаюць чуткі аб продажы айчынных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і нафтатранспартавай інфраструктуры Расеі ў якасці элементу палітычнай гульні.

«Пасля заканчэння падатковага манеўру ў Расеі, калі расейская нафта, якая будзе паступаць на беларускія НПЗ, стане на ўзроўні сусветнага кошту, то кошт гэтых заводаў рэзка ўпадзе. Бо яны былі каштоўныя і давалі вялікі прыбытак, калі была вялікая маржа», – кажа Валер Карбалевіч.

Адпаведна, не даводзіцца чакаць нейкіх саступак з боку Расеі, хоць яна і зазнае іміджавыя страты: ад забруджанай расейскай нафты адмовіліся Нямеччына, Польшча, Чэхія.

Расея заяўляе, што экспарт якаснай нафты трубаправодам «Дружба» ўжо ўзноўлены, і чыстае чорнае золата вось-вось дойдзе да беларускіх трубаў. У «Белнафтахіме» другі дзень запар кажуць, што нічога не атрымалі. Выходзіць нейкая нафта Шродынгера. Зрэшты, такая сітуацыя з любым пытаннем беларуска-расейскай супрацы.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»