Нафта пацякла. Лукашэнку выручыў уладальнік радыё «Шансон»


Нафта на беларускія НПЗ ізноў пайшла. Праўда, пастаўляе яе не дзяржкампанія «Транснефть», а расейскія прыватныя фірмы.

А 17-й гадзіне ў суботу помпы запрацавалі і нафта пайшла на «Нафтан» – пасля чатырохдзённага перапынку. Паліва на нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы згадзіліся паставіць кампаніі «Русснефть» і «Нефтиса». Належаць яны мільярдэру Міхаілу Гуцэрыеву – нумару 28 у спісе самых багатых расейцаў.

Капітал Гуцэрыева часопіс «Forbes» ацэньвае на 3 мільярды 700 мільёнаў долараў. Гэта траціна гадавога бюджэту Беларусі.

У бізнес-імперыю Гуцэрыева ўваходзяць больш за 50 кампаніяў. Гэта фірмы для здабывання нафты і вугалю, будаўнічыя прадпрыемствы, гатэлі, супермаркеты і нават тэлеканалы ды радыёстанцыі – такія, як радыё «Шансон».

Ёсць у Гуцэрыева і актывы ў Беларусі. За 2 мільярды долараў «Славкалий» будуе камбінат для здабывання калійнай солі ў Любанскім раёне. 180 мільёнаў долараў Гуцэрыеў уклаў у будоўлю менскага гатэлю «Рэнесанс», тэрміналу ў аэрапорце, бізнес-цэнтру, а таксама базы адпачынку «Краснасельскае» пад Менскам. Мясцовыя жыхары і будаўнікі заяўляюць, што створаная яна для Аляксандра Лукашэнкі. Філантропію бізнесмен праявіў і ў продажы нафты.

460 долараў – столькі каштавала летась тона расейскай нафты на сусветных рынках. Нашая краіна купляла яе па цане на чвэрць меншай – 368 долараў. Дзесяць долараў з гэтай сумы складала прэмія, якую Менск плаціў экспарцёру – расейскай дзяржкампаніі «Транснефть». Гуцэрыеў пагадзіўся пастаўляць нафту ў нашую краіну без гэтай надбаўкі.

Аднак цаны, па якой расейскія прыватныя фірмы пастаўляюць паліва на нашыя НПЗ, канцэрн «Белнафтахім» не назваў. На студзень Менск закупіў 600 тысяч тонаў. Улады спадзяюцца, што да канца месяца перамовы з Крамлём аб цане нафты завершацца.

Аляксандр Папко, «Белсат»