Над эканомікай Беларусі навісае цяжар праблемных пазыкаў


Больш за $ 2,5 млрд, выдадзеныя банкамі беларускім пазычальнікам, застаюцца своечасова нявернутымі і надзея на іх вяртанне – мізэрная.

Гэткія лічбы абнародавала «Эканамічная газета» па выніках свайго даследавання банкаўскага сектару.

«Узровень праблемнай запазычанасці ў банкаўскім сектары зʼяўляецца вельмі высокім і хавае ў сабе дастаткова высокія рызыкі і пагрозы для нацыянальнай эканомікі і грамадства ўвогуле», – мяркуе аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.

Максімальнага ўзроўню нявернутыя крэдыты банкаў дасягнулі летась – амаль 15% ад усіх выдадзеных пазыкаў. У снежні мінулага году гэтая лічба штучна знізілася за кошт уліванняў з бюджэту – які ўзяў частку кепскіх актываў на сябе. Але сёлета праблемны паказнік працягнуў расці і ўжо амаль дасягнуў леташняга ўзроўню.

У 2015 годзе, праз пагаршэнне фінансавай сітуацыі, ліцэнзіі страцілі чатыры беларускія банкі, а яшчэ адзін – «ДэльтаБанк» – збанкрутаваў. Аляксандр Муха, які прадстаўляе інтарэсы аднаго з крэдытораў «ДэльтаБанку» распавядае, што з фізічнымі асобамі, чые ўклады гарантуе дзяржава, урад разлічыўся, забраўшы гэтыя грошы з таго, што засталося ад бізнесу «ДэльтаБанку». На астатніх укладчыкаў, грошай, падобна, не хопіць.

«Па сутнасці, ужо цяпер можна сказаць, што «ДэльтаБанк» не здолее спаўна разлічыцца са сваймі крэдыторамі», – працягвае Аляксандр Муха.

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб тлумачыць: пакуль бюджэт ратуе ад банкруцтва дзяржаўныя банкі, пазычаючы для гэтага грошы за мяжой.

Сёлета замежны доўг Беларусі павялічыўся на $ 2 млрд і дасягнуў гістарычнага максімуму. Адмыслоўцы не выключаюць, што ўжо налета ратаваць банкі бюджэту прыйдзецца ўласнымі сіламі. Гэта можа выклікаць шок на валютным рынку і разагнаць кошты.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu