Начальніка ДАІ судзяць за забойства


Суд над былым міліцыянтам Андрэем Валкавыцкім, які летась у лістападзе пʼяны насмерць збіў аўтамабілем жыхарку Слуцка, распачаўся сёння. Экс-выканаўцу абавязкаў кіраўніка Баранавіцкай дзяржаўтаінспекцыі пагражае да сямі гадоў зняволення. Пры гэтым падсудны цалкам прызнаў сваю віну.

Для бацькоў і сваякоў загінулай Вольгі Стралкоўскай сённяшні дзень быў адным з цяжкіх. На лаве падсудных яны ўбачылі чалавека, які забраў жыццё іхнай дачкі і маці. Горкія словы недаверу гучалі сёння на адрас усёй беларускай міліцыі.

«Праз акрэсленыя паводзіны службоўцаў у мяне, і не толькі ў мяне, склаўся штамп, што гэтыя людзі не заўсёды працуюць для народу», – сказаў Ігар Зянько, бацька забітай.

У судзе Ляхавіцкага раёну сёння заслухалі сведкаў здарэння

У іх якасці, між іншымі, выступаюць інспектары ДАІ, якія аказаліся на месцы трагедыі. З вуснаў відавочцаў суддзя выслухаў дакладную карціну падзеяў. Былі пытанні і да самога падсуднага. Чаму сеў за стырно машыны ў стане алкагольнага ап’янення, Валкавыцкі сам не разумее ды, паводле яго ж, не можа сабе прабачыць. Бацькі забітай жанчыны не надта ў гэта вераць.

«Пад цяжарам доказаў праца следчых прымусіла яго нарэшце прызнаць сваю віну. Хутчэй за ўсё сам ён яе б не прызнаў ніколі», – кажа маці забітай.

У крыві падсуднага выявілі больш за тры праміле алкаголю

Паводле пракурора, падсудны рухаўся ўласным аўтам з недазваляльнаю хуткасцю па тэрыторыі населенага пункту Дарава. Вядома таксама, што жанчына трапіла пад колы на пешаходным пераходзе. Сёння адвакат пацярпелага боку заявіў, што Валкавыцкі часткова скампенсаваў маральныя страты сям’і загінулай.

Трагедыя ў вёсцы Дарава ў Ляхавіцкім раёне 26 лістапада працягнула шэраг скандалаў вакол працаўнікоў міліцыі. На інцыдэнт неўзабаве адрэагаваў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Чыноўнік паабяцаў правесці чыстку ў шэрагах міліцыі. Тады Шуневіч заявіў, што ўсе працаўнікі ДАІ мусяць прайсці праз дэтэктар хлусні. У адным з апошніх інтэрвʼю міністр прызнаў, што некаторыя працаўнікі міліцыі намагаюцца падмануць паліграф, а весці барацьбу з парушальнікамі ўнутры ведамства міліцыя пакуль вучыцца.

Пакуль такія адказы міністра не суцяшаюць тых, хто стаў ахвяраю былога баранавіцкага міліцыянта.

Заўтра а дзясятай гадзіне суд у справе Валкавыцкага адновіць працу.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: onliner.by