На жыхароў калгаснага дому ў Юрацішках можа ўпасці апорная сцяна

Цвіль пад шпалерамі, прамярзаюць сцены і развальваецца падмурак – у такіх умовах жыве сям’я ў Юрацішках. Чаму калгас не прыводзіць дом у парадак?

Гэта двухкватэрны дом у Юрацішках Іўеўскага раёну. Адна частка будынку – жылая, але жыць у ёй некамфортна і нават небяспечна, бо ў другой палове шмат гадоў ніхто не жыве, яна не ацяпляецца і паступова развальваецца.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Нежылая частка дому належыць мясцовай гаспадарцы «Юрацішкі», якая і павінна даглядаць за домам і прылеглымі тэрыторыямі. Іван Лапата, жыхар дому, паказвае развалены падмурак:

«Хутка дом абваліцца. Вось тут падмурак адсутнічае. Для ўцяплення мы з жонкаю запіхнулі вось гэта: лістоту з пілавіннем, каб уцяпліць».

Гадамі ў нежылой частцы дому ляжаў хлам, з-за якога ў жылых пакоях непрыемна пахла і лёталі казуркі. Райвыканкам нядаўна адрэагаваў на праблему: вокны і дзверы закалацілі, смецце выкінулі ў двор.

«Вось гэтая куча смецця. Як можна было ў гэтай кватэры жыць у такім заняпадзе? Гэта бязладдзе. Неаднаразова прыязджалі, калі я звяртаўся, заходзілі ды сказалі: так, можна ў гэтай кватэры жыць», – расказвае Іван Лапата.

Рамонту ў другой палове дому не рабілі дзясяткі гадоў. Агульны дах не дазваляе Івану якасна перакрыць сваю частку. Дажджы заліваюць хату, таму на сценах не выводзіцца цвіль. Але больш за ўсё турбуе гаспадароў бяспека: без трывалага падмурку апорная сцяна можа ўпасці. Вячаслаў Бусел, кіраўнік гаспадаркі «Юрацішкі», прыводзіць свае аргументы:

«Я ў гэтай гаспадарцы працую год. Гаспадарка банкрут, грошай няма, адмыслоўцаў няма, рабочых няма абсалютна».

Такі ж адказ даслалі Івану і з райвыканкаму. Мікалай Лысянкоў, былы кіраўнік гаспадаркі, тлумачыць:

«У нас у краіне большасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – дзяржаўныя, і большасць з іх маюць праблемы з фінансамі і ў такім вось заняпадзе перабываюць. Першае, куды б параіў звярнуцца, гэта санстанцыя. Санітарныя ўмовы парушаныя, куды глядзіць улада? Гэта ўсё ж камунальнае прадпрыемства, і калі яно перабывае ў банкруцтве, то адказнасць нясе райвыканкам. Другое, калі сцяна ў аварыйным стане, дах разбураны, трэба выклікаць МНС».

Іван Лапата збіраецца пісаць звароты ў вышэйшыя інстанцыі ды насцярожана чакае дажджлівага надворʼя: тады ў ягонай кватэры са столі пачне цячы вада, а з-за разбуранага падмурку разрастацца цвіль.

Алена Дубовік belsat.eu

Глядзі таксама