На журналіста, які крытыкаваў нацызм, завялі справу за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі»


Першыя адгалоскі зменаў у закон аб барацьбе з прапагандаю нацызму і экстрэмізму. На былога палітычнага зняволенага Мікалая Дзядка завялі адміністратыўную справу за пост у сацыяльнай сетцы. Папраўкі ў закон дазваляюць больш жорстка караць за прасоўванне нацызму і экстрэмізму. Пры гэтым улады самі вырашаюць, каго і на якіх падставах прызнаць экстрэмістам.

Мікалаю Дзядку «ліст шчасця» прыйшоў ужо 7-га снежня – на наступны дзень пасля прыняцця паправак у закон аб узмацненні барацьбы з прапагандаю нацызму і экстрэмізму. Адміністратыўная справа заведзеная за допіс двухгадовай даўніны ў сацыяльнай сетцы, у якім былі змешчаныя здымкі.

Мікалай Дзядок, журналіст, былы палітвязень:

«У якіх людзі знаходзяцца на фоне сцяга нацысцкага групоўкі «Misantropic Division». Ён суправаджаецца маім пастом аб тым, што я проста людзей крытыкую за тое, што яны стаяць побач з гэтым сцягам».

Змены ў закон даюць юрыдычнае азначэнне «нацызму» і «рэабілітацыі нацызму», а таксама пашыраюць адказнасць за публічную дэманстрацыю акрэсленых сімвалаў. Новаўвядзенні – яшчэ адна магчымасць караць за свабоднае выказванне – напрыклад, у інтэрнэце. Гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава яшчэ ў лістападзе асудзілі за перапост відэасюжэтаў, якія не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Хапіла таго, што сайт, дзе яны публікаваліся, – падпаў пад дзеянне закону.

«Самы галоўны нонсэнс – што гэтыя відэа не ўваходзілі ў спіс відэа, за якія гэты сайт быў прызнаны экстрэмісцкім» – кажа Алесь Дзянісаў, журналіст, музыка.

Гэты аргумент не пераканаў гарадзенскі суд – Дзянісава аштрафавалі на 612 з паловай рублёў. Алег Агееў, юрыст «Беларускае асацыяцыі журналістаў»:

«Мы бачылі, калі да адказнасці прыцягваліся гэтак званыя антыфашысты, якія выкарыстоўвалі перакрэслены знак свастыкі. Але ж усё роўна нашыя суды, нашая міліцыя лічаць гэта распаўсюдам нацысцкай сімволікі».

Новыя змены ў законе ўскладняюць і гістарычную дыскусію. Алег Агееў, юрыст «Беларускае асацыяцыі журналістаў»:

«Калі замест таго, каб гэтую дыскусію неяк прапагандаваць і больш разбірацца ў тым, што адбываецца, прадугледжваецца пакаранне. Гэтыя папраўкі хутчэй за ўсё будуць выкарыстоўвацца, каб альтэрнатыўныя пункты гледжання не трапілі ў грамадскі дыскурс».

Перад галасаваннем аб прыняцці паправак дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выслухалі выступ міністра ўнутраных справаў. Ігар Шуневіч заявіў, што крыніцай нацызму ёсць Еўропа, якая, цытата: «перакручвае вынікі Вялікай Айчыннай вайны». Разам з тым міністр лічыць, што пашыраць закон на камуністычную сімволіку – не варта.

Ганна Мордань, belsat.eu