На здароўі беларусаў зарабляюць «кланы, што працуюць пад дзяржаўнымі дахамі»


Улады анансавалі чарговую захаду для рэгулявання рынку: гэтым разам у сферы моцных алкагольных напояў. Навошта дзяржаве новыя эканамічныя абмежаванні, і наколькі моцны алкаголь мусіць быць даступны насельніцтву?

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы заявіў пра планы ўзмацніць захады дзяржаўнага рэгулявання ў алкагольнай сферы праз масавыя віды лікёра-гарэлачных вырабаў – устанавіць мінімальны ўваходны кошт, адзіную гандлёвую нацэнку і адзіны кошт ураздроб. Таксама зʼявіцца адзіны рэгулятар рынку алкагольнай прадукцыі – канцэрн «Белдзяржхарчпрам».

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Ніколі манаполія не прыводзіла да таго, што нейкі тавар рабіўся больш якасным ці больш танным. Таму гэта, безумоўна, спроба зрабіць так, каб тыя вытворчасці, якія працуюць у гэтым рынку, больш зараблялі».

На меркаванне экспертаў, такімі крокамі дзяржава таксама спрабуе абараніць айчынны рынак ад расейскага алкаголю, у першую чаргу кантрафактавага. Праз яго наплыў штогод беларускі бюджэт губляе каля 250-ці мільёнаў долараў толькі на акцызах. Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД:

«Нармальная практыка, напрыклад, Швецыі, апошніх некалькі гадоў, калі яны падвышаюць кошты на моцныя напоі ды зніжаюць кошты на якаснае віно, піва. У нас, калі мы паглядзім, колькі каштуе якаснае віно, напрыклад, іспанскае ці італьянскае, якое б людзі з задавальненнем пілі, яно будзе каштаваць нашмат даражэй, чымся каштуе гарэлка».

За сярэдні заробак беларуса паводле афіцыйнай статыстыкі можна набыць прыблізна 160 бутэлек самай таннай гарэлкі коштам 6 рублёў 17 капеек – прыблізна тры долары за бутэльку. Яшчэ 9 гадоў таму за сярэдні заробак можна было набыць 145 бутэлек. Бутэлька гарэлкі цяпер можа каштаваць танней, напрыклад, за квіток у кіно. Менчукі распавялі, што думаюць пра такую даступнасць алкаголю:

«Калі ён стане вельмі недаступным, кошты стануць вельмі высокімі, то падвысіцца колькасць няякаснага алкаголю, які прывядзе да нейкіх наступстваў».

«Павінен быць даступны, бо кожны чалавек адзначае дзень народзінаў, Новы год ды іншыя святы».

«Трэба не гуляцца з коштамі на алкаголь, а кампаніі для здаровага ладу жыцця прымаць, а не абмяжоўваць ці рабіць даступным алкаголь».

«Чалавеку мае быць даступнае ўсё – ці то алкаголь, ці то цыгарэты, бо чалавек мусіць задавальняць свае патрэбы».

Павысіць жа агульную якасць алкаголю ў краіне магчыма з дапамогаю здаровай канкурэнцыі між рознымі вытворцамі, адзначаюць эксперты. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Там, дзе ёсць цэнтралізацыя, там ёсць праблемы і з якасцю, і з цэнамі. На цэнтралізацыі хто зарабляе? Тыя структуры, якія, напрыклад, робяць бутэлькі, этыкеткі, скрынкі, спірт гэты робяць. Тыя кланы, якія працуюць пад дзяржаўнымі дахамі».

«Дзяржаўны дах» – важнае пытанне. Гэтак, Лукашэнка асабіста адмяніў абмежаванні ў продажы алкаголю ўначы, уведзеныя Менскім гарвыканкамам. Тым часам, паводле сілавікоў, кожнае чацвёртае злачынства ў краіне здзяйсняецца ў стане алкагольнага апʼянення.

І вось маем наступную карціну: жахлівую алкагольную статыстыку ды гучныя заявы ўладаў пра неабходнасць барацьбы з п’янствам. Тым часам моцны алкаголь застаецца ледзь не самаю даступнаю забавай для дарослага насельніцтва краіны. І такія гульні да дабра не даводзяць.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM